Судовая спрэчка ў Глыбокім



Не прынесла станоўчых вынікаў для рабочай Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аксаны Мушкат дасудовае разбіральніцтва. Яно адбывалася ў Глыбоцкім раённым судзе паміж ёй і прадстаўніком гэтай арганізацыі, юрыстам Аляксандрам Аляксеенкам. У дасудовым працэсе юрыст не пагадзіўся з аднаўленнем Аксаны на працы. Як кажа Аксана, так склаліся абставіны, што яна атрымала прагул на працы, бо даверылася сваім калегам. Да таго ж, да яе прадузята ставіцца кіраўніцтва, бо яна, стаўшы інвалідам па зроку пад час працы ў ЖКГ, змагаецца за права на больш лёгкія ўмовы працы. Па словах Аксаны, 12-га жніўня яе непасрэдны кіраўнік, майстар ЖКГ Аляксандра Плыгаўка, паведаміла ёй пра звальненне, а заявы, дзе Аксана просіць адпачынак за свой кошт, ніхто ня бачыў:

– Я да яе звярнулася: я ж пісала заяву. Кажа: нічога не ведаю. Прама ў вочы сказала, што калі я цябе не звольню, то звольняць мяне. І раней яна выказвалася, што не можаш у мяне працаваць, і увесь час шукала прычыну як мяне прыбраць. І вось аказалася, што маёй заявы няма, нібыта я не пісала. Заяву трэба перадаваць асабіста ў рукі. Паколькі такога не было, паколькі я перадавала праз кагосьці. Раней проста вусна адпрашвалася, альбо перадавалася заяву праз кагосьці, альбо проста пакідала на столе – і праблем не было.

Юрыст Аляксандр Аляксеенкаў, які прадстаўляў інтарэсы Глыбоцкай ЖКГ, ад каментароў адмовіўся, спаслаўшыся на занятасць. А Аксана Мушкат збіраецца надалей змагацца ў судзе за сваё аднаўленне на працы.

Беларускае Радыё Рацыя