Судовы канвеер у Берасці



У Берасці працягваюцца разгляды адміністрацыйных справаў за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», у адносінах да затрыманых гараджан 25 кастрычніка і напярэдадні.

За сітуацыяй у судзе Ленінскага раёна Берасця сочаць валанцёры мясцовага аддзялення незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна». Кажа прадстаўнік берасцейскай «Вясны» Уладзімір Вялічкін:

– Вызвалілі камеру ў ізалятары часовага ўтрымання, развезлі вязняў па ізалятарах вобласці. І, я мяркую, што тых месцаў, што яны вызвалілі, усё ж такі не хапіла. Таму што мы бачым, што кагосьці зараз адпускаюць без суда. Прычым не чакаюць 72 гадзіны, а адпускаюць раней, бо трымаць няма дзе.

На цяперашні момант вядома пра не менш за 70 затрыманых у нядзелю берасцейцах. Ужо асудзілі пенсіянерку Алену Гнаўк, якую пакаралі штрафам 40 базавых , ветэрана-«афганца» Аляксандра Сахарука на 13 сутак арышту і іншых. Судовы канвеер працягваецца і сачыць за ім можна ў Telegram-чаце мясцовай «Вясны», альбо непасрэдна ў «Доме правасуддзя».

***

Стала вядома што Алена Гнаўк з’яўляецца падазраванай па крымінальнай справе за падзеі на «вадамётным перакрыжаванні».‎‎

Беларускае Радыё Рацыя