Судовы канвеер у Менску
У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы сёння на разглядзе адразу 17 адміністрацыйных справаў. Усе яны датычныя несанкцыянаваных акцыяў пратэсту. Некаторыя фігуранты судовыя позвы праігнаравалі, як Максім Вінярскі ці Мікалай Статкевіч. Аднак многія палітыкі з’явіліся ў судзе. У тым ліку Уладзімір Няклеў. Ён кажа, што ўдзельнічаць у санкцыянаваных санкцыях пакуль не даводзіцца.
– Па той простай прычыне, што колькі мы не падавалі заявак, ніводнага разу не атрымалі дазвол, таму даводзіцца выходзіць і змагацца за свае правы, не пытаючыся дазволу ў тых, хто нашыя правы парушае. У які гэта раз? Здаецца, у сёмы. Гэта мэтанакіраванае дзеянне ўладаў. Яно мае адну мэту – прыдушыць, пагасіць актыўнасць грамадскай супольнасці ў супрацьстаянні рэжыму, а прасцей сказаць, у адстойванні сваіх грамадзянскіх правоў.
Адныя палітыкі ды актывісты атрымалі сёння чарговыя штрафы ў 50 базавых велічыняў, як Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька і Леанід Кулакоў. У выпадку з Вячаславам Сіўчыкам суд перанесены на 1 красавіка. А справа Уладзіміра Някляева адпраўленая на дапрацоўку.
– Тое, што не садзяць на гады і на суткі, выглядае для Еўропы можа лягчэй, але для нас не. Скажам, я ўжо на гэтыя штрафы палову прэміі, якую займеў за раман пра Менск, затраціў. А ў каго няма прэміі, таму яшчэ цяжэй. Скажам да Мікалая Статкевіча ўжо прыязджалі судовыя выканаўцы, прычым па тым адрасе, дзе ён жыве, ніякай яго маёмасці няма, таму гразіліся пазабіраць у жонкі, якая фармальна не мае адносіць да спадара Статкевіча ў матэрыяльным сэнсе.
Судовы канвеер працягнецца заўтра, 25 сакавіка. У тым жа судзе Цэнтральнага раёну Менску будуць разглядаць справы як мінімум сямі дэмакратычных актывістаў.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы разглядаюць адразу 17 адміністрацыйных спраў на ўдзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў.
Справа Уладзіміра Някляева адпраўленая на дапрацоўку. Фактычна з ім паўтарылася гісторыя Уладзіміра Мацкевіча: Някляеў і 7 ягоных сведкаў пацвердзілі, што 28 лютага на мітынгу прадпрымальнікаў палітыка не было. Але суддзя Вікторыя Шабуня адправіла справу на дапрацоўку.
Актывіст з Дзяржынскага раёну Мікалай Колас атрымаў штраф 20 базавых велічынь (4 200 000 рублёў).
Актывіст Павал Сяргей у суд не з’явіўся, таму разгляд ягонай справы адклалі.
Вольга Мікалайчык і Максім Вінярскі ў суд не з’явіліся, іх завочна аштрафавалі на 50 базавых велічынь (10,5 мільёна рублёў).
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч атрымаў штраф 20 базавых велічынь (4 мільёны 200 тысяч беларускіх рублёў), былы прадпрымальнік, пенсіянер Аляксандар Абрамовіч — 10 базавых велічынь (2 мільёны 100 тысяч рублёў), былы міліцыянт Мікалай Казлоў — 50 базавых (10,5 мільёна рублёў), старшыня АГП Анатоль Лябедзька — 50 базавых (10,5 мільёна рублёў).
Леанід Кулакоў аштрафаваны на 50 базавых велічынь (10,5 мільёнаў рублёў) адразу за 3 акцыі — за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а таксама за пікеты салідарнасьці з Саўчанкай.
Актывіст сказаў, што ў яго няма грошай для аплаты штрафу, і прасіў пакараць яго арыштам, але суддзя Міхаіл Хома адказаў, што той не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб яго саджаць.
— Дык за што штраф?
— За ўдзел ў мірнай акцыі.
Мікалая Статкевіча аштрафавалі завочна на 50 базавых велічынь.
Акцыя адбылася ў Менску 28 лютага. Між іншымі, у суд выкліканыя: палітыкі Анатоль Лябедзька, Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, грамадскія актывісты – Максім Вінярскі, Павел Вінаградаў, Леанід Кулакоў, Вольга Мікалайчык, прадпрымальнік з Ваўкавыску – Мікалай Аўтуховіч.
Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве.
Паводле svaboda.org
Фота svaboda.org