„Судовы канвеер” у Воршы



Завершыўся суд над сустаршынём Хрысціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам. Палітыка затрымалі за дзень да гэтага, адразу пасьля акцыі «недармаедаў».

Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання. За судовым працэсам сачыў карэспандэнт Радыё Рацыя Кастусь Багушэвіч:

– Вырак суда даволі прадказальны. Яго спрагназаваў і сам Павел Севярынец, які сказаў, што яму проста не дазволяць прысутнічаць на Дні Волі 25-га сакавіка. Яму прысудзілі 15 сутак арышту, і ён, адпаведна, выйдзе на волю 27 сакавіка. Перад пачаткам суда Севярынец запрасіў аршанцаў на прэзентацыю сваёй кнігі “100 год Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”.  У судзе Павел Севярыней паводзіў сябе мужна, сказаў, што не давярае суду. Хоць ён заявіў адвод суддзі Таццяне Рыбаковай, яна не прыняла адвод. Таксама яна адмовілася весці працэс на беларускай мове. Будзем чакаць вызвалення Паўла.

Раней да розных тэрмінаў зняволення былі асуджаныя іншыя палітыкі: старшыня АГП Анатоль Лябедзька, лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, адзін з лідараў анархісцкага руху Вячка Касінераў ды іншыя. Такім чынам, усе яны ня змогуць трапіць на масавую акцыю 25 сакавіка ў Менску.

* * *

У суд прывезлі аднаго з лідараў БХД – Паўла Севярынца. Раней асудзілі некалькіх актывістаў і журналістаў. Перадае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– Самым першым судзілі Віктара Андрэева – аршанскага грамадскага актывіста і журналіста. Яго пакаралі 13 суткамі зняволення. Пры гэтым многія з прысутных ў зале звярнулі ўвагу на тое, што суддзя прыйшоў з ужо раздрукаваным рашэннем, хоць яшчэ чакалася, што будзе абвешчаны дадатковы перапынак на абвяшчэнне прысуду.  То бок, рашэнне суда было падрыхтавана загадзя яшчэ перад паседжаннем, як мяркуецца. Потым быў прысуджаны да 30 базавых велічынь грамадскі актывіст Віктар Міхасёў. А за ім адбыўся суд над Галінай Абакунчык – журналісткай Радыё “Свабода”.  Яна пакарана 25 базавымі велічынямі штрафу. Прычым ніводнае з яе хадайніцтваў да суда не было прынятае.

Журналістка-фрылансер Кацярына Андрэева прысуджана да штрафу ў 30 базавых велічынь. Кацярыну абвінавацілі па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: непадпарадкаванне міліцыі і парушэнне закону аб СМІ.

* * * 

Прысуд журналісту Галіне Абакунчык – 575 рублёў штрафу.

Актывісту Віктару Міхасёву прысудзілі штраф 30 базавых.

Актывісту Васілю Бераснёву – 14 сутак арышту.

Актывісту Віктару Андрэеву – 13 сутак.

 

Вядома, што ўжо агучаны два прысуды, кажа наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– На дадзены момант у суд прывезлі Васіля Бераснева. Хачу распавесці яшчэ пра два судовыя прысуды, якія ўжо на дадзены момант вядомыя. Віктар Міхасёў асуджаны да 30 базавых велічынь, зараз ён ужо адпушчаны на волю, чакае вяртання сваіх рэчаў. Што датычыцца Віктара Андрэева, то ён атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Зараз у суд быў прывезены Васіль Бераснеў, міліцыя ачапіла калідор, судовае пасяджэнне будзе адбывацца ў іншым памяшканні. Зараз у калідоры суда з’явілася журналістка „Радыё Свабода” Галіна Абакумчык. Такім чынам наперадзе два судовыя пасяджэнні.       

Васіль Бераснеў

Віктар Андрэеў

У той жа час у Бабруйску людзі ў цывільным і амапаўцы ломяцца ў кватэру актывіста, былога палітвязня Яўгена Васьковіча, які ўчора выступаў на гарадскім мітынгу недармаедаў.

Яўген Васьковіч

Паведамляецца, што актывіст з жонкай і дзіцём зараз зачынілся ў кватэры і нікога не ўпускаюць.

Беларускае Радыё Рацыя