Судовы разгляд справы Анатоля Чэшуіна перанесены на 14-е траўня



 

У Пінску адбылося першае судовае паседжанне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Анатоля Чэшуіна. Пінчука міліцыянты затрымалі ў нядзелю 3-га траўня на гарадской набярэжнай падчас “кармлення галубоў”. Падставай для затрымання стала праверка ці не парушае грамадзянін нейкага каранціну, які ў краіне ніхто не аб’яўляў. Цяпер яго вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі.

У судзе Анатоль Чэшуін заявіў, што не пагаджаецца з пратаколамі і апытаннем, якія склалі міліцыянты. У пастарунку затрыманаму стала кепска, прыехала хуткая дапамога, але міліцыянты да апошняга патрабавалі падпісаць паперы, кажа Анатоль:

– Справа ў тым, што яны вымусілі мяне падпісаць пратакол у стане эфекту. Мне “хуткая” аказала дапамогу і стан у мяне быў кепскі. Калі ён (міліцыянт) казаў, што падпішыце дакументы, маўляў, тут вашыя дадзеныя і з вашых слоў запісана правільна. Казаў, што падпішыце інакш мы вас не адпусцім. Падпісаў, бо быў у такім стане. Людзі нават не прадстаўляліся. Яны напісалі ў пратаколе, што я размахваў рукамі, то бок яны праводзілі сапраўднае затрыманне і я ўпіраўся. Ёсць відэа, але пакуль суд яго не хоча разглядаць. Буду настойваць, бо ёсць відэа і няхай яго глядзіць суддзя. Падышоў лекар з міліцыянтамі і сказаў, што каранцін. Менавіта да мяне падыйшлі, хаця побач шмат было людзей, людзі адпачывалі.

У сувязі з тым, што паўстала неабходнасць выкліку міліцыянтаў у суд, другое паседжанне аб’яўлена на 14-га траўня. Сёння Анатоля Чэшуіна прыйшло падтрымаць каля 20 пінчукоў, з якіх толькі трох пусцілі ў суд з-за складанай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя