Судовы разгляд справы Віктара Бабарыкі адкладзены на няпэўны тэрмін



 Пасяджэнні па крымінальнай справе ў дачыненні да топ-менеджараў „Белгазпрамбанка” і яго экс-кіраўніка Віктара Бабарыкі адкладзеныя на няпэўны тэрмін, мінімум да 9 сакавіка, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Паводле яго слоў, у Вярхоўным судзе патлумачылі, што такі працяглы перапынак звязаны з хваробай аднаго з членаў складу суда.

„Пра дату аднаўлення працэсу нас павінны апавясціць”, — сказаў адвакат.

Лаеўскі адзначыў, што суд быў перапынены ў працэсе абвяшчэння абвінавачання і абарона лічыць гэта „даволі незвычайнай сітуацыяй”, паколькі ў складзе суда ёсць запасны суддзя і запасны народны засядацель. Пры гэтым ён канстатаваў, што ў судзе не паведамілі, хто менавіта захварэў.

Працэс па справе „Белгазпрамбанка” пачаўся 17 лютага і праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі адмоўлена, нягледзячы на тое што суд абвешчаны адкрытым. Заяўку БелаПАН на асвятленне працэсу адхілілі без растлумачэння прычын, некаторым медыя адмовілі ў акрэдытацыі з-за „недахопу месцаў”. Вядома, што акрэдытацыю атрымалі шэраг беларускіх дзяржаўных і расійскіх СМІ. Недзяржаўныя СМІ не змаглі трапіць на папярэдняе пасяджэнне па справе. Будынак суда ў той дзень быў закрыты для наведвальнікаў і акружаны металічнымі агароджамі, вакол дзяжурылі сілавікі.

Сама справа ўзнікла летам мінулага года, праз месяц пасля таго, як Віктар Бабарыка абвясціў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду старшыні праўлення банка. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана блізу 4 млн даляраў, каштоўныя паперы на 500 тыс. даляраў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (яна фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн даляраў. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя.

18 чэрвеня Віктара Бабарыку затрымалі. Былому банкіру выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).

Топ-менеджарам „Белгазпрамбанка” Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, Аляксею Задойку і Сяргею Дабралёту было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 430 КК, заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — паводле ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару ў буйным памеры).

belapan.by