Судовы выканаўца пагражае гарадзенскай прадпрымальніцы



Вялікія адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны ставяць некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў на мяжу банкруцтва і фізічнага выжывання. Гарадзенка Ганна Дашкіна, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая працуе індывідуальнай прадпрымальніцай ужо два гады, вымушана прасіць адтэрміноўку па выплаце.

Судовы выканаўца запатрабаваў па тэлефоне пагасіць вялізную суму, кажа Ганна Дашкіна:

– Ніхто нават не запытае, ела я сёння ці не. Ён мяне пачаў запужваць: „Прыйдзем, будзем апісваць вашыя рэчы”. Я кажу: „Мяне, па-першае, дама не будзе, я на працы”. „Калі нікога не будзе пасля абеда, то мы прыйдзем і ўзламаем вам дзверы”. Мяне гэта проста абурыла. Як гэта так? Тым больш у мяне там маці галоўная, мне толькі 1/10 частка ад бацькі засталася. Рэчаў у мяне не шмат, вопратка ды старая лядоўня. Што яны будуць канфіскоўваць?

Ганна займаецца рэалізацый рытуальных тавараў для пахаванняў. Асаблівасць гэтага бізнесу ў тым, што ён не прыносіць такога прыбытку, каб забяспечыць усе выплаты адразу. Суд, які прайшоў бяз удзелу Ганны Дашкінай, пазбавіў яе права на выезд за мяжу:

– Арыштаваны мой рахунак, я невыязная, у мяне быў нумар тэлефона, яго таксама заблакавалі. Я засталася без тэлефона, без права выязду за мяжу. Я адкрыла фірму, адкрыла сваё ІП, узяла сваю сястру на працу, то бок стварыла яшчэ адно працоўнае месца. Я ўсё арганізавала, плачу падаткі, за касавы апарат, страхавы фонд, паўсюдна ўсё праплачваю ды яшчэ засталася вінаватая, то бок я вораг-злачынца

Індывідуальная прадпрымальніца павінна заплаціць у Фонд сацыяльнай абароны больш за тысячу беларускіх рублёў. А банкі такім прадпрымальнікам фінансавай дапамогі ў выглядзе крэдытаў не аказваюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня