Судовыя спрэчкі па справе Рэгнума адбудуцца 22 студзеня



22 студзеня ў Менскім гарадскім судзе адбудуцца спрэчкі па справе беларускіх аўтараў расейскіх інфармрэсурсаў, абвінавачаных у распальванні нацыянальнай варожасці.

Судовае следства на працэсе ў Менгарсудзе завяршылася 20 студзеня.

Выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў), вартаўнік з Брэста Дзмітрый Алімкін (псеўданім Ала Бронь) і галоўны рэдактар часопіса „Новая экономика” мінчанін Сяргей Шыпценка (псеўданім Артур Грыгор’еў) былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў снежні 2016 года.

Яны абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненае групай асоб). Акрамя таго, Паўлаўцу і Шыпценку выстаўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

belapan.by