Судовыя выканаўцы патрабуюць высялення пратэстанцкай царквы “Новае жыццё”
Судовыя выканаўцы склалі адміністрацыйны пратакол на кіраўніцтва мінскай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё».
Як паведамляе агенцтва БелаПАН, упраўленне прымусовага спагнання Менгарвыканкама патрабавала ад абшчыны вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да 31 снежня мінулага года. У іншым выпадку пагражалі прымусовым высяленнем 5 студзеня. На 10-ю гадзіну царква абвясціла малітоўнае служэнне, на якое сабралася дзве сотні вернікаў. Следам з’явіліся судовыя выканаўцы. Яны склалі пратакол, што царква не выканала прадпісанне.
Два гады таму адбылося грамадскае абмеркаванне плана па ўнясенні зменаў у горадабудаўнічы праект мікрараёна Сухарава. Дакумент прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы царквы “Новае жыццё” мяркуецца ўзвесці школу. Агулам жа выселіць вернікаў з будынка, які прыхаджане перабудавалі на свае сродкі ў пачатку 1990-х, Менгарвыканкам спрабуе 15 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя