Суды Менска будуць працаваць тры суботы запар



У суботу, 26 снежня, у раённых судах Менска працягваюцца слуханні па адміністрацыйных справах супраць дэманстрантаў. Працэсы будуць разглядацца і ў суботы 2 і 9 студзеня 2021 года. Гэта вынікае з загаду Менгарсуда, які апублікаваў праваабарончы цэнтр „Вясна”.

У дакуменце гаворыцца, што сталічным суддзям варта ўсталяваць суботнія дзяжурствы з 10.00 да 14.00 па разглядзе спраў аб правапарушэннях, за здзяйсненне якіх прадугледжаны адміністрацыйны арышт. Удакладняецца, што дадзеная мера звязаная з надыходзячымі выходнымі і прадпрынятая для аператыўнага разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Назіральнікі сцвярджаюць, што доступ у будынкі судоў абмежаваны, таму фактычна пасяджэнні праходзяць за зачыненымі дзвярыма. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 26 снежня ў сталічных судах прыцягнуты да адказнасці як мінімум 5 чалавек па артыкуле 23.34 („Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”).

novychas.by