Суды могуць абавязаць весці аўдыя- і відэазапіс кожнага пасяджэння



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання на сваім апошнім пасяджэнні 4 снежня прынялі ў першым чытанні законапраект „Аб змяненні кодэксаў”, які тычыцца парадку фіксацыі судовых пасяджэнняў і асобных працэсуальных дзеянняў.

Праект закона прадугледжвае карэкціроўкі Гаспадарчага працэсуальнага, Грамадзянскага працэсуальнага, Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў, а таксама Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У прыватнасці дакумент прадугледжвае абавязковае фіксаванне ходу кожнага судовага пасяджэння і кожнага асобнага працэсуальнага дзеяння па-за пасяджэннем з дапамогай аўдыя- і відэазапісу з адначасовым складаннем кароткага пратакола ў пісьмовай форме.

Разам з тым законапраект захоўвае неабходнасць складання найбольш поўных пратаколаў судовага пасяджэння і асобных працэсуальных дзеянняў у пісьмовай форме ў выпадку, калі тэхнічная магчымасць вядзення аўдыя- і відэазапісу адсутнічае.

Праект закона замацоўвае за асобамі, якія ўдзельнічаюць у працэсе, права на азнаямленне з кароткім пратаколам і пэўнай часткай аўдыя- і відэазапісу пасяджэння або працэсуальнага дзеяння, а таксама на атрыманне копіі пэўнай часткі зафіксаванага. Асобам, якія ўдзельнічаюць у справе або асобным працэсуальным дзеянні, прапаноўваецца даць магчымасць падачы заўваг на запісы і на кароткі пратакол.

Мяркуецца, што такія падыходы дазволяць забяспечыць суддзяў і іншых удзельнікаў судовага працэсу поўнай і дакладнай інфармацыяй аб ходзе пасяджэння або ажыццяўленні асобнага працэсуальнага дзеяння. Чакаецца, што гэта павысіць якасць правасуддзя, яго даступнасць, максімальную адкрытасць і празрыстасць, а таксама эфектыўнасць рэалізацыі ўдзельнікамі судаводства сваіх працэсуальных правоў.

Дакумент прадставіў парламентарыям першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч. На пытанне, ці будуць гатовыя ўсе суды да ўкаранення тэхнічнага абсталявання для фіксацыі пасяджэнняў да моманту ўваходжання закона ў сілу, ён адказаў, што „практычна ва ўсіх судах ужо сёння забяспечваецца магчымасць хаця б аўдыяфіксацыі судовых працэсаў”.

„Сёння практычна палова залаў судовых пасяджэнняў у краіне гэтаму крытэрыю ў цэлым адпавядае, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Вярхоўнага суда. — На працягу 2020 года мы плануем забяспечыць адпаведнасць тым жа крытэрыям яшчэ больш чым у 100 залах судовых пасяджэнняў. Гэта значыць да моманту прыняцця закона і ўваходжання яго ў дзеянне, паводле нашых прагнозаў, уся сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі будзе гатовая”.

„Больш за тое, гэтая сістэма чакае гэтых навел, якія, апроч усяго іншага, дазволяць яшчэ і больш рацыянальна арганізаваць працу апарату судоў. Ваш пакорны слуга на працягу сямі гадоў свайго жыцця займаўся тым, што складаў папяровыя пратаколы судовых пасяджэнняў. Я ведаю, што гэта такое ў рэальным жыцці. Мы вельмі чакаем магчымасці аптымізацыі падыходаў да сродкаў і метадаў фіксацыі ходу судовага разбору”, — дадаў Калінковіч.

За прыняцце законапраекта ў першым чытанні прагаласавалі 97 дэпутатаў. У другім чытанні дакумент будуць разглядаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.

belapan.by