Суды над актывістамі ў Светлагорску (абноўлена)



У Светлагорскім раённым судзе пачалі разглядацца адміністрацыйныя справы супраць праваабаронцаў  Анатоля Змітровіча і Алены Маслюковай. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – флэшмобе 15 верасня на плошчы горада. Ні Змітровіч, ні Маслюкова не пагадзіліся з пратаколамі і сваёй віны не прызналі. Яны наогул лічаць, што не было ніякага масавага мерапрыемства, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алена Маслюкова:

– Я нідзе, ніколі не сустракала, што, напрыклад, знаходжанне на цэнтральным пляцы ёсць злачынствам. Я магу стаяць з балонікам, у масцы, без маскі. Якая вашая справа? Гэта публічнае месца, дзе могуць людзі знаходзіцца. Яны не парушалі заканадаўства, яны не крычалі, нічога не патрабавалі, проста стаялі, размаўлялі паміж сабой. Што яны парушылі?

Паводле Алены Маслюковай, яна прысутнічала там як праваабаронца, маніторыла сітуацыю. 

Суддзя Руслан Царук, якому праваабаронцы выказалі недавер, спецыялізуецца на справах апазіцыі і незалежных журналістаў. Царук вырашыў запрасіць дадатковых сведкаў. Таму разгляд справы працягнецца 3 кастрычніка.

* * * 

Пасля поўдня ў раённым судзе маюць разглядаць дзве адміністрацыйныя справы – Анатоля Змітровіча ды Алены Маслюковай. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а менавіта – флэш-мобе 15 верасня на плошчы горада. Кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Алена Маслюкова:

На маю думку, тыя справы, якія будуць разглядацца ў судзе, літаральна высмактаныя з пальца. Улады такім чынам імкнуцца запалохаць людзей у горадзе, каб яны не бралі ўдзелу ў акцыях супраціву. І такім чынам яны хочуць напалохаць грамадскіх актывістаў. Але мы перакананыя, што наша справа – праўдзівая, накіраваная на абарону правоў чалавека.

Паводле Алены Маслюковай, у Светлагорску ідзе змаганне людзей за права на жыццё, супраць экалагічнага генацыду. Прыгадаем, што ў горадзе паўстаў камбінат па вытворчасці беленай цэлюлозы, людзі непакояцца, што ён пагражае іх здароўю і навакольнаму асяроддзю. У наваколлі часта смярдзіць.

Беларускае Радыё Рацыя