Суды над пратэстоўцамі не спыняюцца ў Бярозаўскім раёне



Бярозаўская і белаазёрская міліцыя, суддзі суда Бярозаўскага раёна ўжо другі месяц займаюцца ў асноўным палітычнымі справамі. Іх увага пераключана на пакаранні за несанкцыянаваныя ўладамі мерапрыемствы.

Праваахоўныя і судовыя органы забылі, што па Канстытуцыі людзі маюць права на мірныя сходы,  кажа стаматолаг Белаазёрскай гарбальніцы Віктар Зінкевіч, якога за ўдзел у масавым мерапрыемстве суддзя Дзмітрый Кавалевіч пакараў штрафам:

– Я лічу сябе невінаватым, таму што мае правы гарантуе Канстытуцыя. Глава 35 Канстытуцыі дае мне права на свабоду мітынгаў, сходаў і нават гарантуе гэтыя правы. У судзе нас пераконваюць, што не гарантуе. Суд як бы прызнае, што Канстытуцыя для яго не існуе.

Другі пакараны ў гэты дзень суддзей Людмілай Рудзьман жыхар Белаазёрска Іван Тарасюк, які пераходзіў з крамы ў краму і выпадкова трапіў у паток людзей,  што ўдзельнічалі ў маршы, наогул не ведае, за што пакараны:

– Пяць базавых далі. За што, не зразумела. Канешне, у нас суд гуманны, у сувязі з той сітуацыяй, якая зараз у нашай краіне. Я чакаў, што менавіта так будзе. Выжывем.

Ні Віктар Зінкевіч, ні Іван Тарасюк абскарджваць рашэнні суда не будуць. Па іх меркаваннях, з прычыны адсутнасці судоў у Беларусі. 

Беларускае Радыё Рацыя