Суды над праціўнікамі акумулятарнага завода ў Берасці (абноўлена)



У судзе Ленінскага раёна Берасця адбыліся суды над трыма з чатырох затрыманых напярэдадні і ў дзень нядзельнай акцыі пратэста супраць пабудовы акумулятарнага завода. Усіх звінавацілі „ў парушэнні правілаў правядзення, альбо ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі”, якая нібыта мела месца яшчэ 14 кастрычніка.

Справы ўсіх чатырох затрыманых разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук. Праціўнікаў будаўніцтва Валера Фамінскага, Алеся Абляка, Дзям’яна Лепясевіча і Андрэя Шарэнду прысутныя ў залі віталі апладысментамі.

Каментуе Андрэй Шарэнда:

– Суды паставілі на канвеер. Гэта ўжо выглядае як фарс, калі сведкі зачытваюць як пад капірку ўсе свае паказанні. Усе пратаколы і рапарты напісаны пад капірку. Гэта проста фарс, які ператварае ўвесь наш суд і ўсю нашую дзяржавы ў гэты фарс.

Валеры Фамінскі: Людзі прыйшлі на суд падтрымаць. Значна больш людзей прыйшло ў нядзелю, чым у мінулыя разы.

 

Суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук адмовіўся разглядаць справу аб „парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў” па-беларуску. Пра гэта паведаміў пакараны па гэтай справе дзесяццю базавымі велічынямі штрафу праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу Алесь Абляк:

– Гэта было чакана. Я прыкладна разлічваў, што будзе дзесяць базавых. Яшчэ яны не захацелі мяне судзіць па-беларуску. Сказалі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і яны працуюць па-расейску. Хаця яны дзяржслужачыя і павінны ведаць дзве мовы. То бок у нас беларуская мова не абароненая.

Артыкул чатыры, першага раздзелу, Закону Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» ад 1990-га году абавязвае кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.

Карэнны берасцеец у чацвёртым пакаленні Валер Фамінскі ўпершыню правёў ноч у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС горада. Ён рэгулярна па нядзелях прыходзіў на плошчу Леніна, бо жыве ў некалькіх сотнях метраў ад яе. Затрыманы Фамінскі быў непасрэдна ў РАУС, куды з’явіўся па позве, за акцыю праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ, якая адбылася 14 красавіка на той самай плошчы. „Паводзіны міліцыі непрыгожыя і я б сказаў крымінальныя. Я задумаўся, чаму гэта адбываецца?” – узгадвае Фамінскі:

– Вельмі падобна, што камусьці выгадна такая дэзінтэграцыя дзяржаўных службаў і іх маральнае знішчэнне. Тое самае мы назіралі прыкладна чытары гады таму ў Крыме, на Данбасе, калі сапраўды людзі згубілі павагу да сілавых структураў, і гэтыя сілавыя структуры неяк хутка сыйшлі некуды ў іншы бок. Мне чамусьці, седзячы на нарах, падалося, што ў нас рыхтуецца такі цікавы сцэнар.

„У ноч з нядзелі на панядзелак, ужо пасля адбою, мяне запрасілі з камеры на гутарку з начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Мікалаем Самасюком. Ён нейкія дзіўныя пытанні пачаў задаваць. Я ў яго спытаў адкрыта: „Што вы правакуеце людзей?” У грамадзян узровень даверу да супрацоўнікаў міліцыі „ніжэй плінтуса”. „Вы хоць задумваецеся каму гэта можа быць выгадна?”, – угадвае Валер Фамінскі.

Фамінскага і Абляка суд пакараў дзесяццю базавымі велічынямі штрафу, а Шарэнду – пятнаццацю, па-словах суддзі: „З улікам асобы”. Дзям’ян Лепясевіч заявіў аб катаваннях у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця і таму суддзя даў яму тэрмін на рэабілітацыю і зрабіў перапынак да 14:30 26 кастрычніка. Усе яны вызвалены з-пад варты.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.