Суды над Статкевічам і Някляевым перанесеныя



Суд над Мікалаем Статкевічам аднавіўся ў судзе Ленінскага раёна Менска, але самога палітыка на ім зноў не было.

Суддзя Дзмітры Астапенка абвясціў пра захады забеспячэння яўкі Мікалая Статкевіча, паведаміў, што да яго прыходзілі міліцыянты, грукаліся ў дзверы, але ніхто не адчыніў. Суддзя пастанавіў адкласці паседжанне. Калі яно аднавіцца, не паведаміў.

Тое ж адбылося на судзе над Уладзімірам Някляевым, які таксама на суд не з’явіўся. Ягоны адміністрацыйны працэс перанеслі на 14.30 у пятніцу, 24 сакавіка.

Варта дадаць, што на працэсы над Някляевым і Статкевічам прыйшлі журналісты і адразу некалькі прадстаўнікоў дыпмісіяў. На суд над Статкевічам таксама з’явіліся два сведкі-міліцыянты: Сяргей Шкляр і Павел Касалапаў. Назіральнікі не выключаюць, што суд над Статкевічам адбыўся б, калі б не прысутнасць назіральнікаў з дыпмісіяў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН