Суды над удзельнікамі пікету салідарнасці з Эдуардам Пальчысам
Суд Маскоўскага раёна Менска 30 чэрвеня разглядае адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам, якая прайшла 9 чэрвеня, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Тады па закліку сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца сем актывістаў правялі ў Менску акцыю салідарнасці з заснавальнікам сайта 1863х.com Эдуардам Пальчысам (псеўданім Джон Сільвер), які ўтрымліваецца ў сталічным СІЗА-1.
Сёння раніцай па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў адбыўся суд над актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзянісам Краўчуком, па чыёй просьбе пасяджэнне праходзіла на беларускай мове. Ён аштрафаваны на 25 базавых велічынь (5,25 млн. рублёў).
Актывістка і праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга аштрафаваная на 50 базавых велічынь (10,5 млн. рублёў).
Севярынец, якога абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі, у суд не з’явіўся і быў асуджаны завочна. Суддзя не абвясціла рашэнне, адзначыўшы, што Севярынец атрымае пастанову.
Яшчэ адна фігурантка справы рэжысёр Вольга Нікалайчык у суд не з’явілася, вынік пасяджэння не вядомы.
Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага суд чакае ў другой палове дня.
Сёння таксама судзяць актывіста БХД Паўла Пракаповіча.
Прадстаўніка АГП Антона Жылко асудзілі 27 чэрвеня, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе штрафу ў 50 базавых велічынь.
Рэдактар сайта www.1863x.com Эдуард Пальчыс быў затрыманы на тэрыторыі Расеі і 26 траўня экстрадаваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса.