Суды працягваюць штрафаваць удзельнікаў акцый супраць інтэграцыі з Расеяй
Чарговыя суды над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыі з Расеяй прайшлі 27 студзеня ў Менску.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў экс-дэпутатаў Вярхоўнага савета Лявона Баршчэўскага і Пятра Садоўскага на 30 базавых велічынь (810 рублёў) кожнага за ўдзел у акцыях 7 і 20 снежня. Сённяшнія судовыя пасяджэнні сталі працягам працэсаў над былымі дэпутатамі, справы якіх раней былі накіраваныя на дапрацоўку.
У судзе Ленінскага раёна 15 суткамі арышту да ўжо наяўных 105 пакараны актывіст грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Дзмітрый Казлоў (блогер Шэры Кот) за акцыю ў Менску 8 снежня. Казлоў на пасяджэнне не з’явіўся, яго інтарэсы выкладала адвакат.
У гэтым жа судзе прайшлі працэсы над Мікалаем Статкевічам і Андрэем Кудзікам без іх прысутнасці. Яны аштрафаваныя на 50 (1.350 рублёў) і 40 (1.080 рублёў) базавых велічынь адпаведна.
Суд Партызанскага раёна перанёс разгляд пратакола ў дачыненні да аднаго з заснавальнікаў руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка (працяг суда за акцыю ў Менску 8 снежня) на 3 лютага, бо палітык зноў не з’явіўся на пасяджэнне.
Працягнуўся суд над журналісткай Дзіянай Серадзюк за ўдзел у акцыі 20 снежня. Яна аштрафаваная на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў). Раней справа была накіраваная на дапрацоўку: Серадзюк заявіла, што не ўдзельнічала ў акцыі, а знаходзілася ў гэты час у зусім іншым месцы.
Агульная сума штрафаў, накладзеных на ўдзельнікаў пратэстаў супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі, перавысіла 120 тыс. рублёў.
Збор грошай на дапамогу асуджаным удзельнікам акцый абвясціла грамадзянская ініцыятыва BY Help.
belapan.by
Фота з Фэйсбука Таццяны Нядбай