Суды ў Полацку
У судзе Полацкага раёна і горада Полацк 27 сакавіка адбыліся суды над полацкімі актывістамі. Яны былі затрыманыя перад Днём Волі і абвінавачваліся па артыкуле 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса Беларусі, брыдкаслоўе.
Па словах актывіста “Свабоднага прафсаюза Беларусі” Віктара Стукава, суддзя Уладзімір Бясецкі на падставе паказанняў сведкаў, міліцыянтаў Тарасава і Аляксея Сізова, пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічыняў.
– Суд адбыўся. Сведкі – два міліцыянты. Сказалі, што я брыдкасловіў. Зразумела, што я нічога такога не казаў. Гэта ўжо на іхным сумленні. Я спрабаваў нешта даказаць, але яны непрабіваемыя. Верагодна, што буду абскарджваць прысуд.
Праваабаронца Юры Бельскі быў асуджаны да двух суткаў арышту, якія ён ужо адсядзеў. Па яго словах, ён чуў размову дзяжурнага з афіцэрам у судзе, якія казалі пра тое, што яго справу і справу Віктара Стукава аднеслі да палітычных.
– Сведкамі былі тыя два міліцыянты, якія мяне прывозілі ў Следчы камітэт. Прозвішча аднаго з іх – Мацкевіч. Суддзя хацеў мне выпісаць штраф у памеры 5 базавых. Я ў яго спытаўся, а як жа тыя двое сутак, якія я знаходзіўся пад арыштам? Суддзя адказаў, што спыняе супраць мяне разгляд адміністрацыйнага правапарушэння. Я сказаў, што не згодны, трэба штосьці адно: або залічвайце мне тое, што я адсядзеў двое сутак як пакаранне, або давайце разбірацца па-іншаму.
Нагадаем, Віктар Стукаў быў затрыманы 24 сакавіка пасля ператрусу ў полацкім офісе “Свабоднага прафсаюза Беларусі”. Праваабаронцу Юрыя Бельскага затрымалі 25 сакавіка раніцай, калі ён выпраўляўся на Дзень Волі ў Менск.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spbpolack.ru