Суды ў Віцебску: яшчэ 1485 рублёў штрафаў
24 студзеня ў Віцебску адбыліся два адміністрацыйныя працэсы над прыхільнікамі незалежнасці Беларусі.
Аляксандр Якушкоў быў аштрафаваны на 25 базавых велічынь (675 рублёў) у судзе Чыгуначнага раёну. Суддзя Алла Бардзюкова пакарала яго за ўдзел у віцебскай акцыі ў падтрмку дзяржаўнага суверэнітэту, якая адбылася 29 снежня мінулага году. У судзе Віцебскага раёну за ўдзел у менскай акцыі 21 снежня аштрафавалі блогерку і актывістку Алену Янушкоўскую. Штраф памерам 30 базавых велічынь (810 рублёў) прысудзіла Наталля Траццякова.
Блогерка, для якой гэты штраф стаў ўжо 4-м за апошні месяц, з прысудамі не згодная:
– Кожны чалавек, кожны беларус павінны бараніць сваю краіну. І пакуль будзе існаваць пагроза незалежнасці краіны, кожны павінны стаяць на плошчы і крычаць сваё “Не!” Я там і была, і заклікала, і буду заклікаць людзей. Гэта мой абавязак. А як жа, як інакш?
На наступным тыдні ў Віцебску пройдуць яшчэ два суды “за незалежнасць”. За ўдзел у віцебскай акцыі ў падтрымку суверэнітэту Беларусі будуць судзіць Наталлю Спірыдонаву і Таццяну Севярынец.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск