Суды за акцыі на Першамай
Адміністрацыйныя справы затрыманых на першамайскіх дэманстрацыях актывістаў разгледзіць 2 мая суд Цэнтральнага раёна Менска.
Стала вядома, што на афіцыйным мітынгу ў парку Перамогі былі затрыманыя актывісты “Народнай грамады” Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі, Рыгор Пагарцаў, Андрэй Шыпулін, а таксама адзін з выпадковых удзельнікаў дэманстрацыі Сяргей Тарасенка.
Іх адвезлі у РУУС Цэнтральнага раёна, дзе пратрымалі 3 гадзіны. Пазней Спарыша, Троцкага і Шыпуліна адправілі да суду ў ІЧУ на Акрэсціна. Астатніх адпусцілі.
У той жа час на дазволеным мітынгу незалежных прафсаюзаў у Кіеўскім скверы былі затрыманыя трое актывістаў анархісцкага руху на чале з Вячаславам Касінеравым. Яны разгарнулі транспарант «Свабода, роўнасць, раўнапраўе, самакіраванне», за што былі папярэджаныя начальнікам менскага АМАПа Дзмітрыем Балабой, а затым і арганізатарамі мітынгу.
Падчас сыходу з мітынгу іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Менска. Пазней стала вядома, што Вячаслава Касінерава разам з яшчэ адным удзельнікам пікета адпусцілі з РУУСа. Трэці маладзён, які хаваў свой твар пад маскай, быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання. Верагодна, сёння адбудзецца суд над ім. Прозвішча затрыманага невядомае.
Паводле spring96.org
Фота: TUT.by