Суды за акцыю салідарнасці з прафсаюзам РЭП (абноўлена)
Актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі аштрафаваны на 50 базавых велічынь за ўдзел у пікеце супраць судовага рашэння па справе РЭП. Апазіцыйныя актывісты Леанід Кулакоў і Мая Навумава аштрафаваныя на 40 базавых велічынь кожны (980 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць судовага рашэння ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Такое рашэнне прынята 27 жніўня судом Маскоўскага раёна Менска.
Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч аштрафаваны на 45 базавых велічынь (1.102,5 рубля).
Як паведаміў БелаПАН журналіст Ілья Дабратвор, які прысутнічаў на судзе, такое рашэнне прынята 27 жніўня судом Ленінскага раёна Менска.
У судзе Маскоўскага раёна сабраліся каля 20 актывістаў, у тым ліку Фядыніч і Комлік, экс-суддзя канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў і іншыя. Аднак да абеду інфармацыі аб прызначэнні судоў не было.
* * *
У судзе Маскоўскага раёна Менска 27 жніўня адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых 24 жніўня ўдзельнікаў акцыі пратэсту каля Дома правасуддзя. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Актывісты такім чынам пратэставалі супраць вынясення абвінаваўчага прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, а таксама ў падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП.
Пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ „Вясна”
З 11 затрыманых у пятніцу і дастаўленых у РУУС Маскоўскага раёна пазней быў вызвалены толькі адзін пратэстовец. Гэта Алесь Абрамовіч з Барысава, які мае інваліднасць. Яму адразу ўручылі позву з’явіцца ў панядзелак у судзе ў 11 гадзін. Астатніх, а гэта 10 чалавек да суду даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Вядома, што на Маю Навумаву дадаткова да пратакола па арт. 23.34 КаАП складзены яшчэ і пратакол па 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Навумавай у РУУСе стала дрэнна і яна патрабавала хуткую дапамогу. Супрацоўнік міліцыі, якая апытвала актывістку і складала пратакол правапарушэння, адмовілася выклікаць хуткую, а калі Мая працягвала настойваць – атрымала другі артыкул. Пазней хуткую выклікалі, але ў шпіталізацыі ёй адмовілі.
На сябраў РЭП Тамару Зайцаву з Калінкавічаў і Паўла Мрочку з Берасця складзеныя пратаколы па ч.1 арт 23.34 КаАП (першае правапарушэнне цягам году, на астатніх па ч. 3 арт 23.34 КаАП.
Нагадаем, пасля абвяшчэння прысуда па справе лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка каля будынку Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты зладзілі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг прафсаюза РЭП і “Еўрапейскай Беларусі”.
Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад’ехаў чырвоны аўтобус з амапаўцамі, якія затрымалі актыўных пікетоўцаў. Па дадзеных ПЦ “Вясна”, 24 жніўня пасля суда па “справе прафсаюзаў” было затрымана 11 чалавек:
Алесь Абрамовіч (Барысаў);
Вольга Нікалайчык;
Леанід Кулакоў;
Мая Наумава;
Уладзімір Неўмяржыцкі;
Павел Мрочка (Брэст);
Аляксандр Чмыхаў (Бабруйск);
Максім Вінярскі;
Мікола Статкевіч;
Тамара Зайцава (Калінкавічы);
Андрэй Хрэнкоў.
Усе яны былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна Менска, а затым у ізалятар часовага ўтрымання, дзе ў правялі выходныя ў чаканні суда.