Суды за Першамай у Берасці (абноўлена)
За „акцыю чыстых аркушаў” актывісту Уладзіміру Казлоўскаму прысузілі 10 сутак арышту, Інзе Абрамавай 230 рублёў штрафу, а Аляксею Самайлюку 345 рублёў штрафу.
Суд над блогерам Змітром Гарбуновым і актывістам Аляксандрам Кабанавым перанесены на заўтра, бо яны падалі хадайніцтва пра адваката.
Пра хаду судовых працэсаў у нашым эфіры распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Прадстаўнікі міліцыі паводзяць сябе абсалютна неадэкватна. Яны пільна сочаць за прысутнымі, за тым, што ў іх у руках, каб не здымалі. Мала таго, што суддзя забараніла здымкі, дык міліцыянты прымусілі ўсіх прысутных павыключаць свае тэлефоны.
1 траўня каля кінатэатра „Беларусь” у Берасці выйшлі актывісты, якія трымалі ў руках чыстыя аркушы паперы. Іх затрымалі літаральна праз 3 хвіліны пасля пачатку акцыі.
* * *
Паводле інфармацыі Уладзіміра Вялічкіна, судовыя працэсы пакуль не пачаліся:
– Актывісты чакаюць затрыманых у судзе. Разглчдаць справы будуць у судах – чатыры ў Ленінскім і два – у Маскоўскім. Дакланай лічбы затрыманых мы не ведаем, магчыма іх меней.
РР: Ці вядома а якой гадзіне пачнуцца разгляды справаў?
Уладзімір Вялічкін: Супрацоўнікі суда адмаўляліся даваць інфармацыю, але пад ціскам прызналіся, што ні з аднаго, ні з другога міліцэйскага ўчастка нікога яшчэ не прывозілі.
Першамайская акцыя ў Берасці мела прайсці ў выглядзе флэшмобу. Яго ўдзельнікі ўзялі ў рукі чыстыя аркушы паперы – на знак салідарнасці з рэпрэсаванымі актывістамі і журналістамі.
Беларускае Радыё Рацыя