Судзілішча над журналістамі ў Берасці
Адразу трох незалежных журналістаў судзілі ў Берасці. Суд Ленінскага раёна разглядаў справы журналістаў Белсата Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай ды журналіста Беларускага Радыё Рацыя Яўгена Скрабца, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Перад пачаткам суда над незалежнымі журналістамі ў Берасці (Фота: Facebook Яўгена Скрабца).
Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 4 кастрычніка бралі інтэрв’ю ў Сяргея Пятрухіна і ў Рыгора Астапука, а пазней размясцілі матэрыял на тэлеканале Белсат. Іх абвінавацілі па артыкуле 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).
За працэсам назіраў праваабаронца „Вясны” Уладзімір Вялічкін.
У судзе Ляўчук заявіў адвод сведкам-міліцыянтам, бо падчас азнаямлення з матэрыяламі справы не бачыў іх прозвішчаў у дакументах. Ён палічыў справу сфабрыкаванай.
Ляўчук адмовіўся адказваць на пытанні, спаслаўшыся на 27 артыкул Канстытуцыі.
“Я адмаўляюся адказваць на вашыя пытанні – вы на зарплаце сядзіце, на нашай шыі”, – сказаў ён.
Сведка патлумачыла, што перад уваходам у будынак суда Ляўчук і Харытонава бралі інтэрв’ю ў Пятрухіна. Захаваўся запіс з відэарэгістратара.
Прагяд відэазапісу ў судзе.
Судовае пасяджэнне супала з днём народзінаў Яўгена Скрабца, таму прысутныя павіншавалі імянінніка з Днём народзінаў, пачаставалі журналіста торцікам і цукеркамі.
Высвятлілася, што сведкі з боку міліцыі не выканалі распараджэнне суддзі і не пакінулі залу суда. Журналісты запатрабавалі ад суда пакараць міліцыянтаў.
Ляўчук патлумачыў суду, што дзейнічаў згодна з Канстытуцыяй, якая гарантуе свабоду слова. Журналісты-фрылансеры будуць патрабаваць увядзення санкцый за парушэнне гэтага права.
Выносена пастанова – штраф у памеры 50 базавых велічынь, або 1 225 рублёў. Мілану Харытонаву таксама пакаралі штрафам за парушэнне ч. 2 артыкула 22.9 (30 базавых велічынь).
Яўген Скрабец хадайнічаў пра выклік на працэс сведак і пра далучэнне да матэрыялаў справы раздрукоўкі матэрыяла, пазначанага ў пратаколе.
Сведка – дырэктар бібліятэкі Святлана Гарадзецкая.
З пратакола: “27 верасня ў гарадской бібліятэцы выконваў функцыі замежнага журналіста, чым парушыў заканадаўства, браў інтэрв’ю, фатаграфаваў графіці”.
Скрабец сказаў, што інфармацыю перадаваў у Беларускі інфармацыйны цэнтр.
Сведка распавяла суду, што пасля лекцыі ў бібліятэцы, Скрабец гутарыў з Чайчыцам і запісваў гутраку на дыктафон. Пра што малады чалавек гаварыў з Чайчыцам яна не ведала.
„У сродках масавай інфармацыі шмат артыкулаў, але судзяць толькі мяне, позвы, пратаколы, усё гэта пераслед незалежных журналістаў, якім адмаўляюць у акрэдытацыі, гэта нейкае гібрыднае правасуддзе”, – заяўляе журналіст.
Суддзя Алена Карпава вынесла пастанову аб прыцягненні Яўгена Скрабца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу (20 базавых велічынь), паведаміў журналіст:
Яўген Скрабец: Сёння адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па гэтым артыкуле, ужо другі ў гэтым годзе ў адносінах да мяне. Пакаралі мяне за цалкам непалітычны матэрыял, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Ён больш культурніцкі, гістарычны: „Графіці на сценах Берасцейскай фартэцыі”. Я тады браў інтэрв’ю ў мясцовага краязнаўца Івана Чайчыца, які вывучаў гэтыя надпісы.
РР: На чым абапіраўся суд? Як гэта ўсё адбывалася?
Яўген Скрабец: Былі сведкі, суд хадайнічаў, каб прыцягнулі сведкаў, якія былі пазначаны ў пратколе. Гэта дырэктар Берасцейскай гарадской бібліятэкі імя Пушкіна, якая знаходзіцца па адрасе бульвар Шаўчэнкі 3. Яна была прыцягнута ў якасці сведкі, каб засведчыць, што яна бачыла мяне падчас размовы з краязнаўцам – героем матэрыяла, які выйшаў на Рацыі.
РР: Яна была на судзе?
Яўген Скрабец: Яна была на судзе. Я пра гэта хадайнічаў. Я не ведаў як яна выглядае, таму на ўсялякі выпадак хадайнічаў, каб яе выклікалі ў суд. Калі суддзя папрасіла міліцыянта паклікаць яе, яна апынулася на месцы. Яна была на судзе, сведчыла.
РР: Як яны гэта аформілі ў чарговы раз?
Яўген Скрабец: Да зместу матэрыялаў ніякіх прэтэнзій няма. Мяне заўсёды здзіўляе трактоўка гэтага артукула. Чаму яны не прыцягваюць юрыдычных асобаў, канкрэтныя СМІ, а фізічныя асобы – журналісты, якія з імі супрацоўнічаюць, па-за межамі закона? Супраць сябе тлумачэнняў я не пагадзіўся даваць спаслаўшыся на 27 артыкул Канстытуцыі, але ў апошнім слове нагадаў, што паводле Канстытуцыі маю права збіраць інфармацыю.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя