Судзяць графіціста Алега Ларычава (абноўлена)
Прысуд Алегу Ларычаву будзе агучаны 6-га чэрвеня. Пачатак суда ў 10.30. Графіціст адпушчаны з залы суда.
* * *
Ганна Новік, затрыманая ў Менску разам з арт-менеджарам і графіцістам Алегам Ларычавым, пакараная штрафам у 10 базавых велічынь (230 рублёў). Такое рашэнне прыняў 5 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Менска.
* * *
Арт-менеджар і графіці-мастак Алег Ларычаў быў затрыманы ўночы з 3 на 4 чэрвеня на вуліцы Магілёўскай разам са сваёй дзяўчынай. Іх узялі пасля нанясення трафарэта.
«Нас вялі ад пад’езда. Затрымліваў АМАП — мы не паспелі адысці на 300 метраў, як нас скруцілі. Рэшту ночы правялі ў СІЗА, пасля — на Акрэсціна», — паведаміла дзяўчына Алега.
Пакуль што і Алег, і яго дзяўчына Ганна знаходзяцца ў РАУС Кастрычніцкага раёна.
Абвінавачваюць маладзёнаў у лаянцы матам і нанясенні графіці (то бок, шкодзе маёмасці).
Разглядаў справу суддзя Віталь Сямёнаў. Алега Ларычава і яго дзяўчыну Ганну Новік вінавацілі ў дробным хуліганстве. Усё стандартна: нібыта Алег і Ганна «гучна лаяліся матам у адрас мінакоў (у 2.40 ночы) і супрацоўнікоў міліцыі». Сведкам, як звычайна, выступіў адзін з супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Алега і Ганну.
Па яго словах, у тую ноч ён працаваў у цывільнай форме. Маладзёны паводзілі сябе падазрона, таму ён з калегам вырашылі «пахадзіць за імі, паглядзець». Пабачылі, як хлопец з дзяўчынай штосьці намалявалі на сцяне — і іх затрымалі. Падчас затрымання Алег з Ганнай лаяліся матам, запэўніў міліцыянт.
Што малявалі — невядома. «Там такі малюнак, што я не зразумеў, што намалявана», — прызнаўся міліцыянт.
Перад судом Ларычаў сказаў, што хацеў паспрабаць намаляваць трафарэт, прысвечаны «Беламу легіёну».
На малюнку павінен быў быць мужчына за кратамі. Але скончыць яго не паспелі.
***
Алег Ларычаў раней адсядзеў 5 сутак за нібыта «маханне рукамі і нецэнзурную лаянку», да таго Ларычава аштрафавалі на 1150 рублёў нібыта за дамалёўку калючага дроту на мурале «Масква-Мінск». На пачатку красавіка Ларычаў быў збіты невядомымі, нападнікаў дагэтуль не знайшлі. Сам Алег звязваў і збіццё, і затрыманні з графіці на «Сцяне Шчоткінай».
Паводле nn.by