Судзяць менчука ў якога страляў міліцыянт



27 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Менска адбылося першае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да менчука, які абвінавачваецца ў супраціўленні супрацоўніку органаў унутраных спраў.

У навагоднюю ноч суседзі абвінавачванага выклікалі міліцыю са скаргай на моцны шум. Паводле афіцыйнай версіі, абвінавачваны напаў на супрацоўніка міліцыі, наносіў удары, спрабаваў завалодаць табельнай зброяй.

Міліцыянт зрабіў спачатку папераджальны стрэл, а затым быў вымушаны страляць у мяккія тканіны, каб абезрухоміць чалавека. У выніку абодва былі шпіталізаваныя.

Стала вядома, што супрацоўнік РУУС не служыў у арміі, курсы МУС скончыў з тройкамі. Салаўёў служыць у органах з 2015 года, займае пасаду памочніка дзяжурнай часці. У яго сярэдняя спецыяльная адукацыя, паўгода ён вучыўся ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі МУС — сярэдні бал быў каля трох па пяцібальнай сістэме. На пытанне, як ён можа патлумачыць нізкую паспяховасць, міліцыянер адказаў: „Ніяк”.

Салаўёў таксама расказаў, што прыкладна год займаўся тайскім боксам, падчас вучобы ў МУС навучаўся рукапашнаму бою і самба, валодае навыкамі стральбы. Паколькі пацярпелы рос у сям’і без бацькі, ён, па законе, меў права выбіраць: служыць яму ў арміі ці не. Малады чалавек вырашыў не служыць. „Гэта паўтара года страчанага часу”, — растлумачыў ён сёння ў судзе.

Салаўёў падрабязна расказаў, як праходзіла яго дзяжурства ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня, калі адбыўся канфлікт з абвінавачваным — 29-гадовым менчуком Андрэем Гаўрашам.

Паводле яго слоў, выклікаў у той дзень было шмат. Адзін з іх паступіў ад жыхароў дома па праспекце Любімава — людзі скардзіліся на шум ад суседзяў. „Вырашылі адправіць мяне, больш проста не было каго”, — сказаў пацярпелы. На заданне ён пайшоў адзін. Газавага балончыка ў Салаўёва пры сабе не было. „У мяне ён скончыўся. Мы самі павінны іх купляць, у мяне проста не было часу, каб схадзіць і купіць новы”, — расказаў ён.

Паводле слоў міліцыянта, у пад’ездзе на агульным калідоры ён не чуў шуму і крыкаў, музыка і гучныя размовы былі толькі ў кватэры. Дзверы ў тамбур праваахоўніку адчыніў абвінавачваны. Бойка адбылася ў тамбуры, а затым перамясцілася ў калідор.

„Гаўраш паводзіў сябе зняважліва, нават агрэсіўна, казаў, што ў сваёй кватэры ён шумеў і будзе шумець далей”, — расказаў пацярпелы. Паводле слоў міліцыянта, у яго бок пасыпаліся мацюкі і пагрозы. „Напрыклад, ён казаў: „Я табе галаву адаб’ю”, — сказаў міліцыянт. Пасля гэтых слоў, сцвярджае пацярпелы, Гаўраш зрабіў крок назад і ўдарыў яго нагой, потым пасыпаліся ўдары рукамі па галаве і шыі. „Каля пяці разоў ён мяне ўдарыў (у абвінавачанні фігуруе тры ўдары.), я адчуў галавакружэнне”, — сказаў Салаўёў. У гэты момант, паводле слоў міліцыянта, ён не наносіў удараў у адказ і нічога не казаў Гаўрашу.

Як сцвярджае пацярпелы, стрэл адбыўся, калі абвінавачваны паспрабаваў завалодаць яго табельнай зброяй. „Я сказаў яму: „Спыніся, інакш буду страляць”. Але ён зноў накіраваўся ў мой бок, схапіў маю руку з табельнай зброяй. Левай рукой узяўся за каўнер майкі, пачалася барацьба. Ён цягнуў пісталет да сябе. Атрымліваецца, мы пачалі перацягваць пісталет, адбыўся стрэл, уніз”, — расказаў супрацоўнік міліцыі.

Аднак, нягледзячы на стрэл, Гаўраш, паводле яго слоў, працягваў цягнуць пісталет на сябе. „Барацьба працягвалася, было яшчэ два стрэлы. Куды яны былі зроблены, не магу сказаць. Далей Гаўраш пачаў асядаць уніз, выйшлі людзі з кватэры. Я падняўся ўверх па лесвіцы, сказаў, каб ніхто не набліжаўся. Я баяўся за сваю бяспеку. Мне здавалася, яны ўсе былі ў нецвярозым стане”, — сказаў Салаўёў.

Ужо на лесвіцы ён патэлефанаваў з мабільнага тэлефона ў дзяжурную часць і паведаміў пра прымяненне зброі. Яму загадалі чакаць падмацавання. Міліцыянт выйшаў на вуліцу. Паранены Гаўраш у гэты час ляжаў у крыві на калідоры.

На пытанне пракурора Алены Крупенінай, чаму ён не дапамог параненаму, міліцыянт адказаў: „Вакол яго быў агрэсіўны натоўп. Асцерагаўся за сваю бяспеку”.

Літаральна праз 30 секунд, паводле слоў Салаўёва, на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі дэпартамента аховы, адзін з якіх яго раззброіў. Міліцыянта даставілі ў шпіталь МУС, Гаўраша — у вайсковы шпіталь.

У Салаўёва дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, страсенне мозгу, ранкі і сінякі. Траўмы насілі характар лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У шпіталі МУС ён праляжаў 10 дзён. „Адчуваў галавакружэнне, галаўны боль”, — расказаў пацярпелы.

У судзе ён заявіў, што не будзе заяўляць іск аб кампенсацыі маральнай шкоды. Салаўёў просіць толькі, каб Гаўраш заплаціў за яго сапсаваную форму — 87 рублёў.

Паводле дадзеных следства, экспертыза ўстанавіла, што на вопратцы Салаўёва была кроў іншых асоб. На пытанне, як яна туды магла трапіць, пацярпелы адказаў: „Бываюць людзі, якім дрэнна, у іх магла кроў пацячы”.

Наконт пакарання для абвінавачванага пацярпелы заявіў, што пакідае гэта пытанне на меркаванне суда.

Абвінавачваны будзе дапытаны ў судзе пазней. Андрэю Гаўрашу пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі за супраціўленне супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК). Сваёй віны падсудны не прызнае. Раней ён судзімы не быў.

belapan.com