Sunday: вялікі аўтафэст каля Гародні – у гэтыя выходныя



Міжнародны аўтамабільны фэст Sunday адбудзецца 21 ліпеня 2018 года ўжо 9 раз на беразе Юбілейнага возера каля Гародні. Фэст – гэта паказ унікальных аўтамабіляў, а таксама вялікі канцэрт і гульні для дзетак і дарослых.

Пра будучае мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў Міхаіл Кунцэвіч:

– Унікальны фестываль, куды прыязджае ўжо каля 400 рэдкіх  аўтамабіляў з васьмі краін. У гэтым годзе будуць прадстаўленыя Германія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Расея, Украіна і ўся Беларусь. Зараз многія фестывалі называюцца фестывалямі незаслужана. Фестываль – гэта месца, дзе не толькі нейкая выстава, але і насычаная культурная праграма. Sunday па праву носіць гэтае званне.

Самай галоўнай адметнасцю гэтага аўтафэсту, на думку Міхаіла Кунцэвіча,  будзе паказ старых аўтамабіляў: 

– Па-першае, едзе самая старая Mazda, якая знаходзіцца на постсавецкай прасторы. Едуць такія легендарныя суперкары, як Chevrolet Camaro, Chevrolet Corvette. Будзе некалькі легендарных аўтамабіляў даваенных. Усё гэта працуе. Кожны зможа як пасядзець у гэтым аўтамабілі, так і зрабіць фота.

У мінулыя гады на фэст Sunday прыязджала больш за некалькі тысячаў аматараў аўтамабіляў, і ў гэтым годзе арганізатары, а гэта сайт autogrodno.by ды Гарадзенскі райвыканкам,  прыкладаюць усе намаганні, каб сабраць як мага больш наведнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота tut.by