Супольнай малітвай ў Берасці ўзгадалі ахвяр Халакосту
Берасцейцы разам з мясцовай габрэйскай супольнасцю ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту. Яны памаліліся, усклалі кветкі, запалілі знічы, а таксама разгарнулі памятны плакат.
Само мерапрыемства праходзіла каля помніка, прысвечанага тым падзеям, які месціцца на перакрыжаванні вуліцаў Дзяржынскага і Куйбышава:
Гаворыць Святлана Гайдалёнак:
– Халакост – гэта тое, што змяніла гісторыю чалавецтва ўвогуле. То бок, пасля таго, што здарылася, была прыдумана Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, на якую абапіраюцца сёння ўсе існуючыя юрыдычныя інстытуты. Гэта адзін з самых яркіх вынікаў таго, што адбылося.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі польскай, украінскай, казахскай і расейскай дыпламатычных місій. Беларускі афіцыйны бок прадстаўлялі работнікі ўпраўлення культуры. Акрамя таго, за дзве гадзіны да супольнай малітвы, усе жадаючыя з экскурсіяй прайшліся па месцах колішняга Берасцейскага гета. Дапамагла ім у гэтым мясцовы экскурсавод Вольга Малафеечава і ўсталяваны на тэлефоны аўдыёгід ад праекту Brest Stories Guide.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
