Супраць абаронцаў Курапатаў завялі крымінальную справу
Карэспандэнт «Белсату», які быў на месцы забудовы, паведамляе, што cупрацаўнікі міліцыі ўжо апытвалі будаўнікоў адносна сутыкненняў з актывістамі. Іх паказанні могуць стаць асноваю крымінальнага пераследу.
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН спасылаючыся на дырэктара ААТ «Белрэканструкцыя» паведамляе, што крымінальная справа заведзеная «па факце нанясення стратаў у буйным памеры». Справу завялі 21 лютага.
Сёння актывісты, што бароняць Курапаты ад забудовы, перадалі зварот намесніку старшыні гарвыканкаму ды спадзяюцца на прыпыненне будаўнічых працаў.
«Тут відавочныя махінацыі і карупцыйная схема, – лічыць сустаршыня БХД Павел Севярынец, – Таму мы і перадаем Шорцу гэты зварот, улада мае разабрацца і спыніць будоўлю. Зараз людзі з голымі рукамі ідуць супраць будаўнічай тэхнікі, могуць быць ахвяры, няшчасныя выпадкі. Хто возьме на сябе адказнасць за гэта?!»
Чаму бароняць Курапаты?
20 лютага актывісты і будаўнікі пабіліся. Будаўніцтва офіснага цэнтру адбываецца за некалькі дзясяткаў метраў ад урочышча Курапаты – месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, гэта сталася прычынаю для пратэсту.
Замоўца будаўніцтва – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Кіпрэканструкцыя», будуе таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белрэканструкцыя».
Сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі распавядаў «Белсату», што будаўніцтва звязанае з махінацыяй: паводле дакументаў офісны цэнтр паўстане ў Першамайскім раёне, у той час як зямля прыпісаная да Савецкага раёну сталіцы.
З жыхарамі мікрараёну «Зялёны луг» ніхто будаўніцтва не ўзгадняў, людзі абураныя і ўжо сабралі некалькі соцень подпісаў супраць новай пабудовы.
Тым часам дырэктар фірмы, што будуе бізнес-цэнтр ля Курапатаў, заявіў, што не згодны за абвінавачваннымі ў тым, што вядзецца “будоўля на касцях”.
«Ёсць інжынерныя вышуканні абʼекта, пад зямлёй на глыбіню ў 5 метраў там зарытыя сеці пад усім участкам. Нават калі б там нешта знайшлі, геалагічныя вышуканні паказваюць, што там закапанае смецце з будаўніцтва жылых дамоў, што побач», – заявіў дырэктар «Белрэканструкцыі» Сяргей Несцераў.