Супраць Андрэя Шарэнды пачалі яшчэ некалькі крымінальных спраў



У Берасці працягваецца пераслед сям’і Андрэя і Паліны Шарэндаў. Андрэй Шарэнда знаходзіцца па-за межамі краіны, а Паліна Шарэнда-Панасюк – за кратамі па крымінальна палітычна матываванай справе, але гэта не перашкаджае сілавікам выстаўляць новыя абвінавачванні:

– Датычна берасцейскага грамадскага дзеяча Андрэя Шарэнды ўзбуджана яшчэ некалькі палітычна матываваных крымінальных справаў. Днямі ў яго родных адбыўся вобшук. Са словаў блізкіх сям’і вядома, што ў прад’яўленым дакуменце было з дзясятак артыкулаў крымінальнага кодэкса. Напрыклад, артыкул 289, або „акт тэрарызма”, і частка 2 артыкула 361-2 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, або „фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці”. Сам Андрэй Шарэнда праз сацыяльныя сеткі паведаміў, што праз родных яму прапанавалі вярнуцца ў Беларусь і напісаць за сябе і сваю жонку прашэнне аб памілаванні. Але такіх крокаў рабіць ён не збіраецца.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя.

***

Супраць актывіста з Берасця Андрэя Шарэнды пачалі яшчэ некалькі крымінальных спраў. Пра гэта мужчына распавёў у інтэрв’ю reform.by.

Нагадаем, супрацоўнікі КДБ прыходзілі з вобшукамі да бацькоў Андрэя і яго жонкі – палітзняволенай Паліны.

 „Цешча запомніла два артыкулы, было ўказана, што праходжу падазраваным па ч. 2 арт. 361-2 КК. Гэта фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, я ведаю, што па гэтай жа справе праходзяць іншыя валанцёры ў Менску. Верагодна, гаворка ідзе аб перадачы прадуктаў сем’ям палітвязняў. Таксама быў пазначаны артыкул 289 аб акце тэрарызму, гэта, напэўна, у рамках справы аб вузле сувязі ў Вілейцы, па якім таксама ва ўсіх актывістаў праводзяцца ператрусы”, – адзначыў актывіст, які зараз знаходзіцца за межамі краіны.

spring96.org