Супраць блогера Андрэя Павука пачата крымінальная справа



Пасля вызвалення блогера Андрэя Павука стала вядома, што ён праходзіць падазраваным па крымінальнай справе па факце загадзя ілжывага паведамлення пра мінаванне будынка райвыканкама ў  гарадскім пасёлку Кастрычніцкі.

Раніцай ў кватэру Андрэя Павука прыйшлі супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання, яны хацелі забраць манітор кампутара ў кошт выплаты штрафу. А літаральна праз некалькі хвілін у дзверы зноў пазванілі – гэтым разам з крымінальнага вышуку, не прад’явілі абвінавачванні, а адразу пачалі закоўваць ў кайданкі. Потым патлумачылі, што нібыта з яго адраса на пошту МНС паступіла паведамленне пра мініванне будынка па вуліцы Савецкай, 57 у пасёлку Кастрычніцкім. Каментуе прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

– Тое, што сёння адбывалася, паказвае, што хутчэй за ўсё Андрэй Павук ніякага дачынення да мінавання не мае. Калі б у следства былі нейкія доказы вінаватасці Павука, яго б не вызвалілі. На наш погляд, усё рабілася дзеля таго, каб завалодаць тэхнікай блогера, які ўвесь час церпіць пераслед уладаў. Андрэй Павук вельмі востры ў сваіх публікацыях у дачыненні як да агульнарэспубліканскіх уладаў, так і мясцовых. Нярэдка мясцовыя ўлады прэсенгуюць, ціснуць,  штрафуюць яго там на месцы.

Андрэю Павуку далі падпісаць дакумент, у якім гаворыцца, што ён праходзіць падазраваным па крымінальнай справе. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Андрэй Павук – вядомы відэаблогер, сябра „Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Ён вядзе ў сацыяльных сетках блог „Рудабельская паказуха”, у якім крытыкуе мясцовыя ўлады.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацсетак