Супраць дырэктара „Медыя-Палессе” завялі крымінальную справу



Пракуратура Лунінецкага раёна ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара і заснавальніка ТАА „МП компані”, уладальніка сайта „Медыя-Палессе”, па артыкуле аб злоўжываннях службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 КК).

Як паведамляе пракуратура Берасцейскай вобласці, дырэктар кампаніі больш за два гады выплачваў «шэры» заробак і не плаціў падаткі, адлічэнні ў ФСАН і Белдзяржстрах у дачыненні да некаторых супрацоўнікаў. Урон дзяржаве ацэньваецца ў больш як 10 тысяч рублёў.

Таксама пракуратура нагадвае, што „Медыя-Палессе” публікавала непраўдзівыя звесткі, „накіраваныя на нагнятанне абстаноўкі і фармаванне ў грамадскасці негатыўнага стаўлення да ўлады”, а ў асобных выпадках – экстрэмісцкія матэрыялы. Уладальніка сайта чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, доступ да сайта быў абмежаваны.