Супраць Юрыя Рубцова пачынаюць крымінальную справу
Гомельскі грамадскі актывіст Юры Рубцоў паведаміў, што супраць яго будзе пачатая крымінальная справа па абвінавачанні ў “абразе і пагрозах” на адрас суддзі. Па словах Рубцова, пра гэта яму паведаміла следчая, з якой ён размаўляў праз тэлефон, атрымаўшы ўчора павестку.
– Наколькі я разумею, там такая сітуацыя: калі мне прысудзілі 25 сутак адсідкі пасля «Чарнобыльскага шляху», падчас судовага паседжання я сказаў такую фразу: што суддзі, якія прымаюць незаконныя рашэнні, па сутнасці з’яўляюцца падонкамі і рана ці позна ім прыйдзецца адказваць за свае злачынствы. У гэтых словах суддзя і пачуў ці то знявагу, ці то пагрозу.
Юры Рубцоў адбыў 25 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што падчас Чарнобыльскага шляху апрануў саколку з антылукашэнкаўскім надпісам.
Рубцоў падаў у суд на адміністрацыю следчага ізалятара на Акрэсціна за тое, што яму выставілі рахунак за харчаванне, хаця за кратамі ён трымаў галадоўку.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org