Супраць журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча вядзецца крымінальная справа
Стала вядома, што супраць гарадзенскага журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча вядзецца крымінальная справа. Яе пачалі па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Фігуруюць частка 1 артыкулу (Вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама частка 2 згаданага артыкулу (Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).
Па гэтым артыкуле пагражае абмежаванне свабоды ад двух да пяці гадоў альбо пазбаўленне свабоды на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
Уладзімір Хільмановіч, сябра Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі. Тыдзень таму ў Гародні, у кватэры па месцы яго прапіскі, паводле пастановы накладання следчымі органамі арышту на маёмасць была апісаная мэбля і старая лядоўня.
А 1 снежня ў кватэры жонкі Уладзіміра Хільмановіча, дзе ён пражываў з 2014-га па 2021 год, быў праведзены ператрус. У выніку ператрусу забраныя працэсар кампутара, старое пасведчанне (відаць журналісцкае), 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, шматлікія газеты. Таксама была апісаная ўся бытавая тэхніка (тэлевізар, лядоўня, пральная машына), на якую накладзены арышт.
Уладзімір Хільмановіч так каментуе сітуацыю: «Я не ведаю дакладна, якія эпізоды фігуруюць у справе і ў чым канкрэтна, у якім «экстрэмізме» мяне абвінавачваюць. Але ўпэўнены, што гэта датычыць маёй журналісцкай і праваабарончай дзейнасці. Мае артыкулы на грамадска-палітычную тэматыку, праваабарончыя каментары шмат разоў змяшчаліся на Беларускім Радыё Рацыя і ў іншых беларускіх незалежных медыях. Гэта стоадсоткава палітычны пераслед. Сістэма татальнага беззаконня, якая зараз пануе ў Беларусі, не пакідае па-за сваёй увагай аніводнага грамадзяніна, які хоча рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы і асмельваецца мець крытычны погляд на палітыку дзяржаўных органаў у Беларусі». Не маю ніякіх ілюзій і не сумняваюся, што яны давядуць гэтую чарговую палітычную крымінальную справу да карнага выраку супраць мяне».
Беларускае Радыё Рацыя