Супраць Яўгена Скрабца пачата адміністрацыйная справа



У адносінах да журналіста Яўгена Скрабца пачалі адміністрацыйную справу. Гэта вынікае з пратакола, складзенага ўчастковым інспектарам міліцыі Берасцейскага РАУС старшым лейтэнантам Сяргеем Максімовічам. Яўгена спрабуюць прыцягнуць да адказнасці, прадугледжанай артыкулам 22.9 ч.2 КаАП РБ. Сваё наведванне пастарунку каментуе сам журналіст:

– На ўваходзе ў РАУС мяне папрасілі здаць рэчы, каб з сабой не было гуказапісваючай апаратуры, тэлефону і так далей. Супрацоўнік міліцыі мяне спрабаваў апытаць. Я спаслаўся на арт.27 Канстытуцыі, які дазваляе не даваць супраць сябе сведчанняў. Акрамя таго там жа супрацоўнік ужо не Берасцейскага РАУС, а Ленінскага РАУС уручыў мне яшчэ адну позву – на чацвер 4 красавіка. Позва датычная мінулага судовага разбіральніцтва, калі пратакол быў адпраўлены на дапрацоўку.

Сведкамі па справе выступаюць нейкія Ігар Ліхачэўскі і Пятро Вабішчэвіч. Яўген Скрабец 20 лютага нібыта інтэрв’юіраваў аднаго з іх на КПП акумулятарнага завода „АйПаўэр”, пасля чаго падрыхтаваў і перадаў інфармацыйны матэрыял, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Гэта ўзаконенае дзяржавай злоўжыванне дзеля таго, каб папаўняць бюджэт ва ўмовах адсутнасці замежных крэдытаў. Таксама сапраўды здзіўляе той факт, што міліцыя мае прэтэнзіі да з’яўлення інфармацыі ў СМІ не таму, што яно не адпавядае рэчаіснасці, ці гэта хлусня нейкая, ці паклёп, а менавіта самому факту нейкай інфармацыі. То бок, наўпрост парушаюцца і правы чалавека на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, наўпрост парушаецца права на працу.

Адзіны матэрыял на сайце Беларускага Радыё Рацыя за 20 лютага датычны прахадной завода „АйПаўэр” меў назву: „Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”. Аднак ніякага аўтарства пад гэтым матэрыялам не пазначана. Тады кіраўніцтва завода спрабавала залагодзіць грамадскасць, запрасіўшы выбраных журналістаў на прэс-тур па прадпрыемству. Суд над Яўгенам Скрабцом па гэтай справе адбудзецца 5 красавіка ў 15:00 у судзе Берасцейскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце