Супраца ТБМ з гарадзенскім аддзелам адукацыі мае плён
Два месяцы сябры гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы ўдзельнічаюць на бацькоўскіх сходах, якія арганізоўвае адміністрацыя школаў для будучых першакласнікаў. У Гародні былі адведаны ўсе школы, якія знаходзяцца паблізу школаў, дзе існуюць беларускія класы – гэта 32-ая і 34-ая школы. Падача заявак бацькамі будзе працягвацца да жніўня, але, як стала вядома, у 32-ой школе ўжо ёсць першыя заявы ў беларускі клас. Кажа Алесь Крой – сябра абласной Рады ТБМ:
– У 32-й школе таксама яшчэ не пачаўся сезон падачы заяў у класы, будзе толькі ў чэрвені. А ўжо 6 жадаючых бацькоў ёсць, якія гатовы аддаць дзяцей у гэты першы беларускі клас, які будзе фармавацца ў школе №32. Гэта апошняя інфармацыя нашага выступоўцы ў 32-ой школе.
Супраца Таварыства беларускай мовы з гарадзенскім аддзелам адукацыі ў сферы беларускіх класаў мае плён. Але не такі яўны, як хацелася б, мяркуюць сябры ТБМ. Ёсць і іншыя нагоды сустракацца з адміністрацыямі школаў. На адным са сходаў падараваў у музей школы з ўласнага сямейнага архіва свае фотаздымкі Алесь Крой.
– Давялося ў музей 35-ай школы перадаць са свайго сямейнага архіва рэдкія здымкі часоў Другой сусветнай вайны, датычныя якраз вызвалення нашага горада, 75-годдзя з той падзеі. Спадзяюся, што яны папоўняць музей, бо там здымкі якраз аднаго з актыўнейшых удзельнікаў антыфашысцкага руху, гарадзенскага падполля, лідара спадара Разанава.
Сябрам ТБМ даводзіцца выступаць з кароткай інфармацыяй пра магчымасць навучання ў кожнай школе горада, але для гэтага патрэбны заявы і актыўнасць саміх бацькоў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня