Супрацоўніка банка затрымалі за „зліў” персанальных дадзеных сілавікоў



Аператыўнікі ГУБАЗіК затрымалі 44-гадовага менчука за перадачу ў тэлеграм-канал персанальных дадзеных сілавікоў, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

На момант затрымання мужчына працаваў вядучым спецыялістам па эканамічнай бяспецы аднаго з камерцыйных банкаў. Да таго ён служыў у сілавых структурах. Звальняючыся адтуль ён забраў базы дадзеных па прадстаўніках пракуратуры, падраздзяленняў Дзяржкамітэта судэкспертыз, Дэпартамента фінансавай выведкі, Следчага камітэта і грамадзянскіх арганізацый.

У матэрыялах для службовага карыстання былі пазначаныя прозвішчы і імёны супрацоўнікаў, іх адрасы пражывання, назвы пасад, спецыяльных званняў, нумары службовых і асабістых мабільных тэлефонаў. Усе гэтыя звесткі ён перадаваў для публікацыі на ТГ-каналах.  На менчука пачалі крымінальную справу за распальванне сацыяльнай варожасці. Мужчыну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя