Супрацоўніка „Нафтана” арыштавалі за БЧБ-налепку на бамперы машыны
36-гадовага спурацоўніка «Нафтана» Сяргея Хвасцянку затрымалі 9 жніўня ў Менску каля ўніверсама «Цэнтральны» на пр. Незалежнасці, паведамляе Вясна назірае.
Ілюстрацыйнае фота.
У Сяргея зламалася машына, таму ён спыніўся на дарозе. Пабачыўшы гэта, да яго пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі дапамогу. Але на бамперы супрацоўнікі заўважылі бел-чырвона-белую налепку, якая, па словах Сяргея, залеплівала дзірку на бамперы каля пяці гадоў. Таму замест дапамогі мужчыну адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.
Справу Хвасцянкі 10 жніўня разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.
Сведка-міліцыянт «Аляксандраў» распавёў, што затрымліваў Сяргея разам з супацоўнікамі АМАПу. Міліцыянт сцвярджаў, што Хвасцянок адразу заявіў, што такім чынам выказвае сваі палітычныя погляды, але сам мужчына гэта адмаўляе.
Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.