Супрацоўніка наваполацкай калоніі асудзілі за збіццё вязня



У чэрвені Ушацкі суд прызначыў супрацоўніку наваполацкай калоніі № 1 капітану Ігару Пятрову 6 гадоў калоніі са штрафам. Яго адправілі адбываць тэрмін у «Віцьбу».

У той жа час па інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, якая дапамагае палітвязням, прысуд быў 4 гады калоніі і 13 тысячаў рублёў штрафа. 

Пятрова асудзілі паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса — учыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, нададзеных ёй па службе, спалучанае з гвалтам, катаваннямі пацярпелага або прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў, піша @nashaniva. Яго абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў — ён збіў вязня.

Праўда, былыя вязні Наваполацкай калоніі кажуць, што ў гэтым выпадку не ўсё так проста. Пятрову маглі за нешта адпомсціць — не за тое, за што фармальна асудзілі. Бо супрацоўнікаў, якія абыходзіліся з асуджанымі яшчэ больш жорстка, не каралі.