„Супрацоўнікам медыя варта быць уважлівымі да кантэнту, які размяшчаецца”
З такім пасылам звярнулася прадстаўніца Рады грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Вольга Хвоін у сувязі з сітуацыяй вакол інтэрнэт-партала «Виртуальный Брест». Адну з публікацыяў згаданага партала Суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам:
– Экспертнае заключэнне для суда па гэтай справе рабіў галоўны рэдактар дзяржаўнай раённай газеты з Іванава Ігар Гетман, які, паводле адукацыі, кандыдат філалагічных навук. Мы мяркуем, што ўсё ж такі для таго, каб ацэньваць сімвалы, арнаменты і так далей, чалавек мусіць мець крыху іншую адукацыю. Хаця б быць, напрыклад, экспертам у этнаграфіі. А тут атрымліваецца, што візуальную выяву ацэньваў філолаг. Таму ёсць да гэтага пытанні.
«Мы пакуль не ведаем як рашэнне адабъецца на далейшай працы сайта», – пракаментаваў кіраўнік парталу «Виртуальный Брест» Андрэй Кухарчык.
Беларускае Радыё Рацыя