Супрацоўнікаў „Еўраопту” вучаць беларускай мове



Для касіраў гандлёвай сеткі распрацаваны стандарт зносінаў з пакупнікамі. І калі вы чуеце выраз “Спасибо, что без сдачи”, то насамрэч гэта не праява ўдзячнасці, а словы, якія работнік мусіць вывучыць і ўжываць у адпаведнай сітуацыі.

Дарэчы, у стандарты зносінаў уключаны не толькі размоўныя канструкцыі, але нават жэсты. Прыкладам, фраза “Если вам нужен пакет, вы можете взять его здесь” павінна суправаджацца ўказальным рухам рукі. Калі не верыце, што такія правілы напраўду існуюць, то звярніце ўвагу на скрыню для грошай на працоўным месцы касіраў: зверху на накрыўцы наклеена табліца тых самых выразаў. Прычым яна дзвюхмоўная. Адпаведна, касір абавязаны ўмець павітацца і падзякаваць за пакупку і гэтак далей не толькі па-расейску, але і па-беларуску.

Паводле работнікаў “Еўраопту”, стандарты зносінаў з пакупнікамі з’явіліся пад рукой – у літаральным сэнсе – пару месяцаў таму. Прыкладна тым самым часам у “Еўраопце” райцэнтру Крупкі здарыўся прыкры інцыдэнт, калі два супрацоўнікі крамы зневажалі мастака Алеся Пушкіна за зварот на роднай мове, дый саму беларускую мову. Пэўна, для ахоўнікаў і дзяжурных па гандлёвай залі стандарты зносінаў з пакупнікамі яшчэ не распрацавалі, а дарма.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя