Супрацоўнікаў „Ежедневника” дапыталі ў ДФР
Супрацоўнікаў „Ежедневника” дапыталі ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў якасці сведак па крымінальнай справе ў дачыненні да галоўнага рэдактара анлайн-выдання Сяргея Сацука.
Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, былі дапытаныя Аляксандр Сацук, Вадзім Сяховіч, Андрэй Александровіч і галоўны бухгалтар выдання.
26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі вобшук у рэдакцыі „Ежедневника” і забралі дакументацыю.
Журналіст Андрэй Александровіч паведаміў БелаПАН, што ў цяперашні момант супрацоўнікі „Ежедневника” працуюць з дому. „Пакуль што рэдакцыя працуе па планах, якія яшчэ Сяргеем былі зробленыя. У бліжэйшыя дні плануецца сход заснавальнікаў, каб вырашыць, як далей будзе працаваць рэдакцыя”, — сказаў ён.
Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі ДФР КДК 25 сакавіка пад Менскам каля 16.00, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Сацука распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагання, альбо групай асобаў паводле папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры). Цяпер журналіст знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Родныя і калегі Сацука звязваюць затрыманне з яго прафесійнай дзейнасцю. Напярэдадні „Еўрарадыё” апублікавала ліст, які Сяргей Сацук прасіў абнародаваць у выпадку свайго затрымання.