Супрацоўнікі “Газеты Слонімскай” засталіся без працы
Пакуль галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч знаходзіўся ў адпачынку, у рэдакцыі адбыўся міліцэйскі разгром газеты і ціск на выдаўца. Рэдакцыю газеты нахабна абрабавалі супрацоўнікі Слонімскага РАУС і забралі ўсю камп’ютарную тэхніку. “Газета Слонімская” спыніла сваё існаванне.
Сітуацыю вакол “Газеты Слонімскай” сёння каментуе яе галоўны рэдактар Мікола Канановіч:
– Фармальна я і цяпер яшчэ знаходжуся ў адпачынку, але 20 лістапада на працу мне выходзіць не будзе куды. І выдавец “Газеты Слонімскай” Ганна Валадашчук, і дырэктар прадпрыемства Яўген Валадашчук, і ўсе супрацоўнікі рэдакцыі 9 лістапада апынуліся на працы ў сітуацыі без працы. У той дзень з санкцыі пракуратуры з рэдакцыі міліцыянеры забралі ўсе працоўныя камп’ютары за паўтара дня да выпуску чарговага нумару газеты. Забралі таксама і камп’ютары бухгалтараў напярэдадні выплаты заробку. Гэта, як раней бальшавікі ў селяніна адбіралі каня — галоўны сродак вытворчасці — і заганялі яго ў калгас, так цяпер лукашэнаўцы расправіліся з няўгоднай ім „Газетай Слонімскай”…
Калі адновіцца і ці адновіцца ўвогуле выхад газеты, я цяпер не магу сказаць. Гэтае пытанне найперш да выдаўца Ганны Валадашчук, а яна цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. І на сувязь са мной пакуль не выходзіла. Хочацца спадзявацца, што сітуацыя павернецца да лепшага для ўсіх нас, і мы вернемся на працу ў рэдакцыю, а „Газета Слонімская” вернецца да свайго чытача. А пакуль „Газету Слонімскую” чакае такі ж невядомы пакуль лёс, як і ўсю нашу Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя