Супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі прыблізна 90 вобшукаў па ўсёй краіне, паведамляе МУС



Супрацоўнікі ГУБАЗіК 16 лютага правялі прыблізна 90 вобшукаў па месцы жыхарства сяброў пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, прафсаюза работнікаў РЭП, а таксама прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і незалежных медыярэсурсаў, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале афіцыйны прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава.

Паводле яе слоў, вобшукі праводзіліся ва ўсіх абласных цэнтрах краіны „ў адпаведнасці з даручэннем Следчага камітэта па крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

„Падчас следчых дзеянняў канфіскаваныя грошы ў рознай валюце (больш за 80 тыс. даляраў у эквіваленце), дакументы на атрыманне замежных грантаў і сотні квітанцый на аплату штрафаў фізічных асоб і юрыдычных паслуг, пратэстовая літаратура і матэрыялы аб формах і метадах процідзеяння супрацоўнікам міліцыі, у тым ліку гвалтоўнага характару, — адзначаецца ў паведамленні. — Акрамя таго, выяўленыя дакументы з рэквізітамі для грашовых пераводаў, незарэгістраваная сімволіка (расцяжкі, банары, сцягі), дакументацыя аб уступленні ў страйкамы, анкеты аб аказанні дапамогі псеўдарэпрэсаваным, літаратура, якая прапагандуе ЛГБТ-каштоўнасці, а таксама сертыфікаты па навучанні ў замежных ВНУ”.

Сярод канфіскаванага выяўленыя „меркавана наркатычныя рэчывы і прадмет, падобны на пісталет”, якія накіраваныя на экспертызу, адзначыла Чамаданава. Таксама канфіскаваная офісная тэхніка, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны, назапашвальнікі інфармацыі, фота- і відэатэхніка, банкаўскія карты, у тым ліку замежных банкаў.

У МУС растлумачылі, што падставай да правядзення маштабных вобшукаў сталі вынікі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да асоб і арганізацый, якія ажыццяўляюць фінансавую і інфармацыйную падтрымку пратэстаў у Беларусі. 

Канфіскаваныя прадметы, рэчы і каштоўнасці накіраваныя ў Следчы камітэт Беларусі.

Як паведамлялася, 16 лютага вобшукі прайшлі ў офісах і кватэрах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне. Так, вобшукі былі праведзеныя ў офісе БАЖ, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах.

Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праходзілі ў межах расследавання справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Тое, што адбываецца, асудзілі ў Савеце Еўропы, Еўразвязе, АБСЕ, арганізацыі „Міжнародная амністыя”, беларускія праваабарончыя арганізацыі, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і іншыя арганізацыі.

belapan.by