Супрацоўнікі КДБ давалі наркадылерам інфармацыю пра хімічны склад спайсаў



Два супрацоўнікі КДБ і былы супрацоўнік міліцыі, фігуранты гучнай справы пра распаўсюджванне наркотыкаў раскрывалі службовую інфармацыю. Пра гэта было заяўлена 1 сакавіка падчас працэсу ў Менскім гарадскім судзе.

На лаве падсудных, нагадаем, 17 чалавек. Дзяржабвінавачанне прадстаўляе пракурор Алег Буйлянкоў, старшынюе на працэсе суддзя Сяргей Хрыпач.

Як адзначана ў абвінавачванні, старшы оперупаўнаважаны УКДБ па Берасцейскай вобласці Ігар Карыцкі (1979 года нараджэння) і яго калега па цэнтральным апараце Дзмітрый Вераценскі (1972 года нараджэння) былі ўцягнутыя ў злачынную дзейнасць у пачатку 2011 года, а былы супрацоўнік МУС Канстанцін Дзенісевіч (1980 года нараджэння) — у 2013 годзе. Апошні на судзе заявіў, што быў намеснікам Вілюгі ў кампаніі „ВКМ-груп”. У абвінавачванні адзначана, што Дзенісевіч з 2011 па 2014 гады з’яўляўся старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Паводле слоў пракурора, супрацоўнікі праваахоўных органаў раскрывалі службовую інфармацыю — паведамлялі зацікаўленым асобам пра хімічны склад псіхатропаў, а таксама расказвалі пра формы і спосабы пераследу наркадылераў. За „дапамогу” праваахоўнікі атрымлівалі сваю долю ад распаўсюджвання небяспечных рэчываў. Тым самым супрацоўнікі КДБ і МУС здрадзілі інтарэсам службы, адзначана ў абвінавачванні.

Карыцкі і Вераценскі абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй (ч. 3 арт. 285 КК); вырабе і распаўсюджванні наркотыкаў, учыненых арганізаванай групай (ч. 4 арт. 328 КК); незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, учыненай арганізаванай групай (ч. 3 арт. 233 КК); злоўжыванні ўладай, перавышэнні ўлады альбо бяздзейнасці ўлады, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 455 КК). Канстанцін Дзенісевіч праходзіць па тых жа артыкулах, за выключэннем апошняга складу. Ён абвінавачваецца па ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

Нагадаем, галоўны фігурант па справе — 31-гадовы мінчанін Канстанцін Вілюга. У абвінавачванні адзначана, што ў студзені 2011 года ён стварыў сайт LegalMinsk з мэтай распаўсюджвання наркатычных і псіхатропных рэчываў. Раней са спасылкай на ГУБАЗіК МУС паведамлялася, што Вілюга, перш чым адправіць наркотыкі на продаж, аддаваў пробнікі на экспертызу: адзін — наркаману, другі — хіміку, які мог вызначыць, ці ёсць у сумесі забароненыя на той момант рэчывы. Калі няма, з Масквы прыходзіла буйная партыя псіхатропаў. Пасля чаго дасведчаныя „мінёры” расфасоўвалі наркотык па дозах.

Аб дзейнасці крамы LegalMіnsk ведалі многія. У 2013 годзе на старонцы мінскай міліцыі было пакінута паведамленне: „У Мінску праз сайт legalmіnsk.net вядзецца актыўны продаж так званых курыльных сумесяў. На выходных барыгі раздавалі візіткі прама каля метро” Няміга”. Працуюць, не хаваюцца. Адказваюць усім на званкі”.

Міліцыя такіх гандляроў затрымлівала, але паколькі ў іх пры сабе былі „легальныя міксы”, даводзілася іх адпускаць. Пазней заканадаўства па супрацьдзеянні распаўсюджванню наркотыкаў зрабілася больш жорсткім, і любыя іх аналагі сталі адносіць да забароненых сродкаў.

belapan.by