Супрацоўнікі КДБ праводзяць вобшук у рэдакцыі Intex-press
Сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю недзяржаўнай газеты Intex-press (Баранавічы, Берасцейская вобласць). Гэтую інфармацыю пацвердзіў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Янукевіч.
Паводле яго слоў, прыйшлі супрацоўнікі КДБ, у іх ёсць пастанова на вобшук. Янукевіч пакуль не змог паведаміць, па якой справе. Усяго, паводле яго слоў, у рэдакцыі знаходзяцца сем прадстаўнікоў сілавых структур і двое панятых.
Intex-press сутыкнулася з націскам уладаў пасля публікацыі ў нумары за 14 красавіка інтэрв’ю з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай.
15 красавіка Янукевіч быў выкліканы на сустрэчу з баранавіцкім міжраённым пракурорам Аляксандрам Карлюком. Галоўнаму рэдактару Intex-press вынеслі папярэджанне: на думку пракуратуры, апублікаваўшы інтэрв’ю з Ціханоўскай, выданне парушыла патрабаванне закона аб СМІ пра недапушчальнасць распаўсюджвання інфармацыі, „якая скіраваная на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або ўтрымлівае заклікі да такой дзейнасці, гвалту і жорсткасці, іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь ці забароненае заканадаўствам краіны”. 26 красавіка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ў асобе суддзі Мікалая Кміты прызнаў Янукевіча вінаватым у распаўсюджванні ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, і аштрафаваў на максімальна магчымую суму — 20 базавых велічынь (580 рублёў).
28 красавіка рэдакцыя Intex-press атрымала ліст ад „Белпошты” аб тым, што газета не будзе ўключаная ў падпісны каталог на другую палову 2021 года.
30 красавіка друкаваная і інтэрнэт-версія інтэрв’ю з Ціханоўскай былі ўключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі.
5 мая рэдакцыя атрымала пісьмовае папярэджанне Мінінфарма на падставе рашэння баранавіцкага суда.
У той жа дзень Эканамічны суд Берасцейскай вобласці разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да ВД „Інтэкс-прэс” за распаўсюджванне СМІ забароненай інфармацыі і прызначыў штраф у 150 базавых велічынь (4.350 рублёў).