Супрацоўніца банка скрала з рахунку вьетнамца 53 тысячы даляраў



Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніцы аднаго з банкаў у Гомелі. Яна скрала з рахунку грамадзяніна В’етнама 53 тысячы даляраў.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, абвінавачаная, працуючы на пасадзе вядучага спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу, у красавіку 2015 года без адпаведных даручэнняў кліентаў банка і іх асабістай прысутнасці незаконна адкрыла банкаўскі рахунак на імя сваёй знаёмай. З дэпазітнага рахунку іншага кліента, грамадзяніна Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам, яна перавяла на рахунак больш як 30 тыс. даляраў. Затым незаконна ажыццявіла аперацыю выдачы названых грашовых сродкаў і іх атрыманне з касы банка.

У жніўні і верасня 2015 года абвінавачаная незаконна ажыццявіла аперацыі адкрыцця некалькіх банкаўскіх рахункаў на імя свайго знаёмага і пераводу на іх больш за 20 тыс. даляраў, якія належалі грамадзяніну В’етнама. Залічаныя грашовыя сродкі яна здымала ў розных банкаматах з дапамогай плацежных картак, эмітаваных да згаданых рахункаў.

Пры афармленні дакументаў абвінавачаная падрабляла подпісы кліентаў і банкаўскіх работнікаў, якія ажыццяўлялі кантрольныя функцыі.

У жніўні 2016 года абвінавачванай сталі вядомыя звесткі аб лагіне і паролі доступу свайго калегі да камп’ютарнай сістэмы банка. Пры адсутнасці кіраўніка жанчына несанкцыянавана скарысталася камп’ютарнай інфармацыяй і перавяла на дэпазітны рахунак знаёмай 3 тыс. даляраў, якія належалі грамадзяніну В’етнама.

Па сукупнасці ўчыненых злачынстваў дзеянні работніцы банка, 1961 года нараджэння, кваліфікаваныя следствам па ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 212 КК (крадзеж маёмасці шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму ілжывай інфармацыі, учынены паўторна, спалучаны з несанкцыянаваным доступам да камп’ютрнай інфармацыі, у буйным памеры).

Падчас папярэдняга расследавання абвінавачванай прынятыя меры да частковай кампенсацыі шкоды, нанесенай яе дзеяннямі, шляхам продажу жылога дома.

Крымінальная справа накіраваная ў суд.

belapan.by