Супрацоўніцу tut.by Анастасію Пруднікаву адпусцілі з ДФР



Затрыманую 25 траўня супрацоўніцу tut.by (раздзел „Лэдзі”) Анастасію Пруднікаву адпусцілі з дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. З яе ўзялі падпіску аб невыдаванні, паведамляе тэлеграм-канал партала.

Пруднікава паведаміла, што супрацоўнікі ведамства прыйшлі да яе дадому з вобшукам каля 11 гадзін раніцы, паводзілі сябе карэктна, але канфіскавалі ўсю тэхніку — ноўтбук і тэлефоны, якія належаць ёй і мужу. Затым дзяўчыну даставілі ў ДФР, дзе яна прабыла прыкладна да 16.45.

Муж Пруднікавай раней паведаміў, што ў іх кватэры прайшоў вобшук, а яго жонку павезлі ў ДФР. Супрацоўнікі ДФР, якія прыйшлі да іх, патлумачылі, што следчыя дзеянні праводзяцца „ў рамках справы tut.by”.

Сёння tut.by таксама паведаміў, што перасталі выходзіць на сувязь супрацоўнікі SMM-каманды Аля Буркоўская і Максім Пушкін, а таксама муж Алі Дзяніс Буркоўскі, які працуе ў навукова-тэхнічным праекце партала 42.tut.by. Афіцыйнай інфармацыі пра іх месцазнаходжанне да гэтага часу няма.

Раней па „справе tut.by” было затрымана 15 чалавек. Пад вартай знаходзяцца генеральны дырэктар ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, рэдактар Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава. Удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская, юрыст tut.by Кацярына Ткачэнка і былы юрыст партала Ірына Касцючэнка — пад хатнім арыштам.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прыйшоў з вобшукамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў tut.by. Вобшукі таксама прайшлі ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў кампаніі — av.by, rabota.by. Амаль адначасова Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры абмежавала доступ да партала tut.by і яго копій.

belapan.by