Супрацьстаянне ў Курапатах: што далей?
Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавядае пра тое, чым можа закончыцца супрацьстаянне ў Курапатах.
Юрась Губарэвіч: Зараз гэтая тэма шырока вылілася ў інфармацыйную прастору, таму суадносная “рэклама” для ўласнікаў рэстарана ўжо ёсць. І тут могуць спрацаваць эканамічныя механізмы. Калі гэты бізнес далей не пойдзе, калі наведвальнікі не будуць прыходзіць у рэстаран, які пабудавалі ля месца, дзе масава растрэльвалі людзей, то ў такім выпадку пытанне закрыецца само па сабе. Ніхто не будзе трымаць стратнае прадпрыемства. А зараз бачна, што да кампаніі супраць рэстарана ля Курапат падключаюцца нават некаторыя прадстаўнікі ўладаў, якія таксама даюць негатыўную ацэнку забаўляльнай установе “на касцях”. І гэта таксама можа сведчыць пра тое, што бізнесменаў могуць прымусіць закрыць праект праз нейкія адміністратыўныя метады.
РР: На ваш погляд, як доўга можа працягвацца гэтае супрацьстаянне?
Юрась Губарэвіч: У гэтай сітуацыі цяжка даць адназначны адказ, але, думаю, выніку можна дабіцца не толькі пратэстамі ля рэстарана, але і іншымі інструментамі. Можна, напрыклад, спрабаваць размаўляць з рознымі бізнес-асацыяцыямі, якія маюць кантакты з бізнесоўцамі, што маюць дачыненне да адкрыцця рэстарана ў Курапатах, а таксама выкарыстоўваць і іншыя рычагі. Але ў любым выпадку трэба, каб тэма заставалася “гарачай”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя