Суровае пакаранне за слова “тварь”



За слова “тварь” пад здымкам старэйшага ўчастковага Баранавіцкага РАУС Сяргея Каўша ў “Аднакласніках” жыхару Бярозы Віталю Таўсцяку – бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей –  пагражае даволі суровае пакаранне.

Капітан Коўш удзельнічаў пасля выбараў у разгоне мірных акцый, аб чым сам пахваліўся ў “Аднакласніках”.  Міліцыянт палічыў надпіс за абразу і звярнуўся ў суд, хаця Таўсцяк выбачыўся. Коўш прасіў суд не караць сурова, але матэрыяльную кампенсацыю запрасіў немалую – 2000 рублёў.

Намеснік Бярозаўскага пракурора Дзмітрый Яфімаў  лічыць недапушчальнай абразу міліцыянта, які выконваў дзяржаўны доўг:

– Прашу прызначыць Віталю Таўсцяку пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову крытага тыпу. Мабільны тэлефон належыць канфіскацыі, на карысць пацярпелага спагнаць маральную шкоду.

Сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, што пакаранне не павінна быць такім суровым, яно не сугучнае з віной:

– Занадта вялікую суму запатрабаваў пакрыўджаны міліцыянт. Ніякіх канкрэтных дакументальна-пацверджаных прыкметаў, якія нанеслі шкоду яго здароўю, у судзе не прагучала.

Яшчэ адна абвінавачаная па гэтым крымінальным артыкуле жыхарка Баранавіч Кацярына Собаль чакае суда за слова “мразь”, якое яна таксама напісала пад здымкам капітана Каўша.

Прысуд Таўсцяку стане вядомы 19 лютага ў 11.30.

Беларускае Радыё Рацыя