Сустаршыня «Маладога фронту» можа аднавіцца на вучобе ва ўніверсітэце
Былы студэнт-юрыст Андрусь Цянюта працягвае аспрэчваць адлічэнне з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў судзе. Падчас апошняга судовага пасяджэння, якое вяла суддзя Цэнтральнага раённага суда Вольга Казлова, прадстаўнікі ўніверсітэта выказаліся за магчымасць аднаўлення адлічанага актывіста. Сам Андрусь Цянюта, хоць і перакананы ў сваёй рацыі, але сумняецца ў справядлівасці правасуддзя.
– Я вырашыў судзіцца, каб там бараніць свае правы. Канешне, я не веру, што ў Беларусі ёсць правасуддзе. Але я хачу прыцягнуць увагу менавіта да адлічэння беларускіх студэнтаў па палітычных матывах. Адвакат кажа, што шанец ёсць, бо гэта было вельмі брутальна. Але я лічу, што калі ўсё гэта было спушчана зверху, законы для палітычных актывістаў не дзейнічаюць.
Андрэй Цянюта быў адлічаны з юрыдычнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны з-за наяўнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з ягонай грамадскай дзейнасцю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота mfront.net
